Поспехі расейцаў пад Харкавам або ІПСА? Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 841-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / X

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на двух участках фронту – у аднайменным раёне з поўначы ад буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах у Чугуеўскім раёне.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, Збройныя сілы Украіны пачалі актыўныя дзеянні на ўсходзе гораду, імкнучыся выбіць праціўніка з панавальных вышыняў, каб у далейшым выйсці да раёну шматпавярховых дамоў у цэнтры.

Пры гэтым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што цягам апошніх содняў ужо расейскія вайскоўцы занялі больш выгадныя пазіцыі на ўсходнім і заходнім флангах Ваўчанску.

Іншыя прарасейскія крыніцы – каналы «Фронтовая птичка» і «Архангел Спецназа» – сцвярджаюць, што 12 чэрвеня УС РФ у ваколіцах Ваўчанску ўвялі ў бой свежыя рэзервы і ўжо бліжэй да вечара дасягнулі поспехаў у цэнтральнай частцы гораду і з усходу ад яго. У прыватнасці, на апошнім участку яны прасунуліся на адлегласць да чатырох кіламетраў.

Аналітыкі праекту Deepstate прызнаюць замацаванне расейцаў на тэрыторыі Агрэгатнага заводу ў цэнтры Ваўчанску, але тэрыторыя вакол прадпрыемства застаецца ў так званай шэрай зоне.

Акрамя гэтага крыніца адзначае, што Узброеныя сілы РФ распачалі будаўніцтва абарончай лініі на адлегласці за 2,7 кіламетра на паўночным усходзе ад гораду

Тым часам праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што кардынальных зменаў на харкаўскім кірунку не адбылося, а вышэйзгаданая інфармацыя пра поспехі расейцаў з’яўляецца так званай ІПСА.

Таксама заўважаецца, што ўкраінцы з дапамогай FPV-дронаў ужо знішчылі тэхніку праціўніка, якая пачала будаўніцтва лініі абароны.

Аналітыка
Новы віток ядравага шантажу: што стаіць за пагрозамі Масквы?
2024.06.13 07:00

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі,  што цягам апошніх содняў на купянскім кірунку Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Бераставое і Стэльмахаўка, але ціск з боку праціўніка на гэтых участках фронту захоўваецца.

Тым часам канал «Два майора» піша, што таксама расейцы рухаюцца на захад ад сёлаў Мясажарыўка і Андрэеўка, пра захоп якіх раней заяўлялі ў Мінабароны РФ.

Пры гэтым іншы прарасейскі тэлеграм-канал – «Рыбарь» – мяркуе, што абодва населеныя пункты яшчэ могуць заставацца пад кантролем ЗСУ або знаходзіцца з так званай шэрай зоне.

На суседнім ліманскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя атакі праціўніка каля сяла Грэкаўка.

«Говорять Снайпер» піша, што таксама расейцы наступалі з поўдня ад сяла Кузьмыно, але поспеху не дасягнулі. Агулам, паводле крыніцы, на кірунку войскі РФ пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі няспынна праводзяць пяхотныя штурмы, намагаючыся скарыстацца сваёй перавагай у жывой сілы.

Hавiны
Генконсульства Беларусі ў Растове будзе працаваць з акупаванымі тэрыторыямі Украіны
2024.06.07 13:55

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

Украінскае камандаванне піша, што на так званым сівэрскім выступе па фронце войскі РФ цягам содняў атакавалі каля сяла Верхнякаменскае, але поспеху не дасягнулі.

Аналітыкі Deepstate гавораць, што ў гэты ж час расейцы прасунуліся ніжэй па лініі сутыкнення каля населенага пункту Выемка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на краматорскім кірунку працягваюцца баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр, дзе УС РФ паступова адціскаюць праціўніка да каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, прызнаюць цяжкі характар гарадскіх баёў, але пры гэтым далейшыя прасоўванні расейцаў не пацвярджаюць.

Таксама атакі войскаў РФ фіксуюцца ніжэй па фронце каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Больш паспяхова развіваецца наступ Узброеных сілаў РФ на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

У Deepstate паведамляюць аб прасоўваннях расейцаў каля Новааляксандраўкі, Карлаўкі, а таксама ў сёлах Новапакроўскае і Невельскае.

Тым часам прарасейскія тэлеграм-каналы «Архангел Спецназа» і «НгП раZVедка» сцвярджаюць, што Новапакроўскае ўжо цалкам занятае войскамі РФ.

Канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што войскі РФ плануюць атачыць групоўку ЗСУ на мяжы пакроўскага і курахаўскага кірункаў – паміж Невельскім і Краснагораўкай.

Аналітыкі Deepstate пішуць, што ў апошнім населеным пункце расейцы таксама прасунуліся цягам апошніх содняў.

Ніжэй па фронце, паводле праўкраінскага тэлеграм-каналу «Офіцер», УС РФ пры падтрымцы 17 адзінак тэхнікі праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок сяла Георгіеўка, але былі спыненыя Сіламі абароны Украіны.

Hавiны
ЗША гатовыя даць Украіне крэдыт на $ 50 мільярдаў, але толькі калі ЕЗ працягне санкцыі супраць Расеі
2024.06.05 13:21

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе працягваюцца баі за сёлы Старамаёрскае і Ураджайнае.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ на поўначы першага населенага пункту. На думку аналітыкаў, неўзабаве расейцы цалкам захопяць Старамаёрскае, што ў выніку істотна пагоршыць становішча ЗСУ ў суседнім Ураджайным (знаходзіцца з усходу за ракой Мокрыя Ялы).

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці асноўныя баі лакалізуюцца на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы зноў няўдала атакавалі на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Літвы мяркуе, што Украіна мае права біць па вайсковых цэлях у Беларусі
2024.05.31 18:25

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў