Як загінуў беларус, што бараніў Бучу


Змагаўся за Украіну і дзеля лепшай будучыні Беларусі. У Кіеве развіталіся з байцом батальёну імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Літвін», які загінуў у першыя тыдні вайны, падчас абароны гораду Буча. Ён – першая страта сярод беларускіх добраахвотнікаў. Зладзіць цырымонію ўдалося толькі цяпер, калі ваколіцы ўкраінскае сталіцы вызвалілі ад расейскіх войскаў. Іх адступленне адкрыла свету страшную праўду пра гвалт і масавыя забойствы мірных жыхароў. Падрабязней – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Вайна абрынулася на Бучу знянацку. Бамбаванні пачаліся на наступны дзень пасля першых паведамленняў аб расейскім уварванні ва Украіну, 25 лютага, як згадваюць мясцовыя.

«Прыйшлі браты, «русский мир», нашыя браты… і пачалося…» – згадваюць жыхары Бучы.

І пачаліся абстрэлы жылых дамоў. Праз знішчаныя камунікацыі людзі тыднямі сядзелі ў кватэрах без святла, вады і ацяплення, баючыся выйсці.

Жыхар Бучы:

«Дзень і ноч не спыняліся. І мінамёты, і грады, і гаўбіцы. Кашмар. На Сіколках там перастрэльвалі ўсіх».

Hавiны
«Яны стралялі ў нашых дзяцей». Валанцёр расказаў пра тое, што пабачыў у Бучы
2022.04.04 23:45

Іншы мясцовы жыхар прыгадвае, як калона так званых вызваліцеляў увайшла ў горад 4 сакавіка:

«Вось гэта «русский мир». Ён прыйшоў да нас з бранёй і з кулямётамі. А мы жылі ў свабоднай краіне і будзем жыць у свабоднай краіне».

Ішлі вулічныя баі, але ўжо 8 сакавіка горад цалкам перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў. Салдаты сталі паводзіцца, нібыта гаспадары: хадзілі па кватэрах, шукалі «нацыстаў», марадзёрствавалі.

«Першае, што яны зрабілі: адабралі ўсякую сувязь, проста бралі і разбівалі тэлефоны. Я нават не ведаю, што адбываецца, бо ў нас ні вады, ні газу, ні сувязі, ні мабільных тэлефонаў, нічога, – кажа жыхар Бучы. – Дагала параздзявалі, нейкія наколкі Бэндэры, кніжку Бэндэры шукалі, ні выдавецтва, нічога. «У вас тут фашысты, бэндэраўцы».

Супрацьстаяць расейскім вайскоўцам намагаўся і аддзел беларускіх добраахвотнікаў будучага батальёну імя Кастуся Каліноўскага. На подступах да Бучы, у мястэчку Ворзэль, каля гатэлю з рамантычнай назвай «Віла Сан-Марына», адбыўся стратэгічна важны бой.

Дзяніс «Кіт», добраахвотнік батальёну імя Кастуся Каліноўскага:

«Нашай задачай была перадусім выведка, і ў выпадку, калі вораг захацеў бы атачыць Бучу, мы мусілі сустрэць іх і не даць гэтага зрабіць».

Разам з Дзянісам «Кітом» плячо да пляча ваяваў Ілля Хрэнаў з пазыўным «Літвін». Як згадвае Дзяніс ва ўжо вызваленым Ворзэлі, тут разам з «Літвінам» яны пільнавалі адрэзак дарогі, праз які расейскія войскі імаверна маглі падцягваць тэхніку. Яны рыхтаваліся падбіць калону, аднак у той дзень усё пайшло не паводле плану.

Артыкулы
Беларускі добраахвотнік загінуў у баях за Украіну
2022.03.04 16:28

На апошнім відэазапісе, які «Літвін» зрабіў сваім тэлефонам, ён кажа перад боем: «Мы ў чаканні сепараў, яны ўжо вельмі блізка, абыходзяць нас з тылу».

Ён з гранатамёта падбіў «КамАЗ» каля гатэлю, аднак будынак пачалі абстрэльваць з артылерыі. «Літвін» выбег на вуліцу, а побач прыляцеў снарад.

Дзяніс «Кіт» распавядае на месцы смерці «Літвіна» на падворку гатэлю «Віла Сан-Марына»:

«Ён быў недзе тут, быў прылёт, яго хваляй адкінула вось сюды, тут ён ляжаў, і менавіта тут я яго адцягваў».

Ілля «Літвін» удзельнічаў у АТА ў свае 19 гадоў і вось вярнуўся на фронт з пачаткам адкрытай расейскай агрэсіі сёлета. У сям’і ён быў малодшы, пятае дзіця. Прафесійна займаўся праграмаваннем. Паплечнікі згадваюць яго як адважнага байца з добрым сэрцам: ён любіў Украіну, любіў Беларусь і лічыў сваім абавязкам абараніць братнюю краіну і не дапусціць падобнага сцэнару на нашай радзіме.

Юрый Шчэрын, каардынатар Белагародскай тэрытарыяльнай абароны:

«Я яго ведаю з мінулага года, ён настолькі ж самаадданы працаўнік, як і воін. Ён працаваў праграмістам «iMAP» – «Artificial Intelligence Map» – кампаніі, якая і цяпер працягвае працу, і частка ягонага коду будзе жыць вечна ў гэтай кампаніі. Таму пастанавілі назваць «iMAP» у ягоны гонар і пазначыць гэта на сайце: імя Іллі Хрэнава з пазыўным «Літвін».

Вечна жыць імя Іллі Хрэнава з пазыўным «Літвін» будзе і ў сэрцах баявых паплечнікаў і простых беларусаў. Ужо тры беларускія жаўнеры загінулі ў гэтай вайне, абараняючы Кіеў. «Літвін» быў першы з іх.

У рэпартажы Антося Цялежнікава, знятым для «ПраСвету» ў 2016 годзе, «Літвін» заявіў:

«Адна з маіх мэтаў тут – не дапусціць, каб у Беларусі пачалося тое, што зладзіла «Расейская імперыя» ва Украіне».

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў