Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 снежня


«Белсат» падводзіць вынікі 281-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Вышгарад, Кіеўская вобласць, Украіна, 30 лістапада 2022 г.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Мінулыя содні вайны ва Украіне адзначыліся працягам пазіцыйных баёў у паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай. Міністэрства абароны РФ паведаміла пра зрыў украінскіх атак у ваколіцах населеных пунктаў Кузэмаўка і Чырвонапапоўка. Расейскі вайсковы карэспандэнт Сямён Пегаў піша, што Збройныя сілы Украіны імкнуцца перарэзаць адцінк трасы Р-66.

Украінскі бок, у сваю чаргу, адбіў расейскія атакі каля Навасёлаўскага, Стэльмахоўкі і Белагораўкі.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці расейскія войскі працягваюць наступаць на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Якаўлеўка, Бахмут, Курдзюмаўка, Краснагораўка, Каменка, Вадзяное, Первамайскае і Мар’інка.

Сямён Пегаў гаворыць, што баі ідуць таксама каля Невельскага і Спорнага, а таксама ў цэнтральнай частцы Мар’інкі. Прычым вайсковы карэспандэнт адзначае, што ЗСУ ўпэўнена трымаюць абарону ў горадзе.

Тым часам Мінабароны Расеі заявіла пра поўны захоп мястэчка Андрэеўка на поўдзень ад Бахмуту.

Інтэрактыўная мапа вайны ва Украіне «Deepstatemap» фіксуе захоп расейцамі Зеленапілля, а таксама штурм войскамі РФ Вопытнага.

Збройныя сілы Украіны цягам содняў контратакавалі каля Новаміхайлаўкі і Уладзіміраўкі на паўднёвым адцінку фронту ў Данецкай вобласці, а таксама адсунулі расейцаў на ўсход у Первамайскім.

У Запарожскай вобласці расейцы вядуць абарону. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч гаворыць, што ў рэгіёне ідуць баі мясцовага значэння.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ЗСУ нарошчваюць групоўку войскаў і праводзяць баявое зладжванне. Паводле крыніцы, наступ на Запарожжы пачнецца адразу пасля паляпшэння ўмоваў надвор’я.

Лекары працуюць з тэлефоннымі ліхтарыкамі пасля адключэння электрычнасці ў Кіеве, Украіна, 30 лістапада.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Наземныя аперацыі цягам содняў не праводзіліся па лініі фронту ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Пры гэтым працягваюцца ўзаемныя артылерыйскія абстрэлы ўздоўж Дняпра, у якіх адноснай перавагай валодаюць ЗСУ, паколькі ў іх ёсць больш дальнабойная і дакладная артылерыя. Акрамя гэтага, украінскае камандаванне паведамляе пра колькаснае змяншэнне расейскіх войскаў у Херсонскай вобласці.

Таксама 1 снежня адбыўся чарговы, ужо чацвёрты за дэкаду абмен ваеннапалоннымі. Гэтым разам ён праходзіў у фармаце 50 на 50

Паводле Генштабу ЗСУ, за содні было знішчана каля 560 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 89 440 чалавек.

Тым часам Аляксей Арэстовіч агучыў лік беззваротных стратаў сілаў абароны Украіны. Паводле дарадцы, колькасць загінулых з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны вагаецца ў дыяпазоне ад 10 да 20 тысяч вайскоўцаў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў