Крыніца: затрыманы былы кіраўнік Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук


Паводле інфармацыі крыніц «Белсата», верагодна, затрыманы былы кіраўнік Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Аляксандр Рагачук.
Фота: brestcity.com

Аляксандр Рагачук прабыў на пасадзе старшыні Берасцейскага гарвыканкама 9 гадоў: з 2014 па 2023. Пасля сваёй адстаўкі кіраваў абласной федэрацыяй прафсаюзаў.

Рагачука называлі самым народным мэрам з усіх абласных гарадоў. Сам Лукашэнка ў свой час ледзь не прарочыў яму стаць наступным прэзідэнтам. У 2020 годзе Рагачук быў ягонай даверанай асобай на выбарах.

Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Рагачук нарадзінец вёскі Шыповічы, што на Кобрыншчыне (Берасцейская вобласць), былы «афганец». У 1988 годзе служыў у савецкім войску, у 2000 годзе вярнуўся ў Беларусь. У 2004 годзе скончыў Акадэмію кіравання, працаваў начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы пры Берасцейскім аблвыканкаме. У 2008 годзе ўзначаліў галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Берасцейскага аблвыканкаму. У 2014-м быў стаў кіраўніком Берасцейскага гарвыканкаму.

«Белсат» прысвячаў Аляксандру Рагачуку асобны сюжэт у праграме «Тыдзень».

Нагадаем, што ў лютым у Берасці былі затрыманыя намеснік старшыні аблвыканкаму Валянцін Зайчук і дырэктар «Берасцейскай кацельнай гаспадаркі» Юрый Аверчук. Неафіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што прычынай затрымання стаў хабар.

Абнаўленне. 2 сакавіка ў Telegram-канале Рагачука з’явіўся допіс з фотаздымкамі чыноўніка і ягоных унукаў. Ён паведаміў, што наведаў з імі краму з цацкамі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў