У Польшчы зрабілі больш жорсткім пакаранне за згвалтаванне


Польскі Сейм у пятніцу 28 чэрвеня прыняў папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх здзяйсненне палавога акту без згоды другой асобы будзе лічыцца злачынствам, за якое можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У Варшаве адбыўся марш «Яе звалі Ліза» ў памяць пра згвалтаваную беларуску. Варшава, Польшча. 6 ссакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Згодна з папраўкамі, згвалтаваннем будзе лічыцца прымус іншага чалавека да палавых зносінаў сілай, пагрозамі, хлуснёй ці іншымі спосабамі, нягледзячы на адсутнасць згоды.

Цяпер за згвалтаванне ў Польшчы пагражае ад 2 да 12 гадоў пазбаўлення волі, пасля ўступлення паправак у сілу максімальны тэрмін пакарання павялічыцца да 15 гадоў.

Артыкул крымінальнага кодэксу, датычны згвалтавання, не змяняўся ў Польшчы з 1932 года.

Каб папраўкі ўступілі ў сілу, яны павінны быць ухваленыя верхняй палатай парламенту і прэзідэнтам Польшчы.

Перад галасаваннем дэпутат ад «Права і справядлівасці» Лукаш Шрайбер заявіў, што ёсць «вельмі сур’ёзныя сумневы», ці прывядзе новае вызначэнне згвалтавання да змены судовай практыкі па гэтым злачынстве.

Двума днямі раней дэпутаты ад кіруючай кааліцыі падчас абмеркавання законапраекту сцвярджалі, што жанчыны ў Польшчы гадамі чакалі зменаў, якія ўтрымліваюцца ў ім.

«Да гэтага часу закон быў сляпы да згвалтаванняў і дамаганняў, на гэта паказвае судовая практыка», – сказала Моніка Роса з «Грамадзянскай кааліцыі».

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 12:41

Раней у інтэрвʼю PAP дэпутатка Ганна Кухарска-Дзедзіц, якая была суаўтаркай новых палажэнняў, патлумачыла, што паводле статыстыкі з сямі жанчын, якія заявяць аб згвалтаванні, у чатырох з іх паліцыя не прыме заяву, таму што нібыта не маецца ніякіх прыкметаў гвалту.

«Пасля таго, як гэты праект уступіць у сілу, гэтыя чатыры жанчыны дакладна не будуць адпраўленыя назад. Верагодна, паліцыя павінна будзе расследаваць усе зарэгістраваныя выпадкі і праверыць, ці не было слядоў гвалту, ці былі прыкметы адсутнасці згоды і ці можа быць даказана, што палавы акт быў без згоды», – адзначыла яна.

Дэпутат ад «Права і справядлівасці» Гжэгаж Лорэк заявіў, што цяпер «нават у працяглых адносінах мужчыне давядзецца кожны раз заключаць сексуальны кантракт са сваёй партнёркай, таму што, калі яна перадумае постфактум, у яго ўзнікнуць праблемы». На яго думку, мужчынам будзе немагчыма даказаць сваю невінаватасць у справах аб згвалтаванні, «калі ў іх не будзе пісьмовай згоды». Ён назваў законапраект «чыстай дэмагогіяй, падарункам для бязлітасных і помслівых жанчын, якія змогуць выкарыстаць закон супраць былога партнёра».

Пра намер перагледзець пакаранне за згвалтаванне і само вызначэнне гэтага злачынства ў Польшчы пачалі казаць пасля смерці 25-гадовай беларускі Лізы, якая стала ахвярай нападу і згвалтавання ў цэнтры Варшавы 25 студзеня 2024 года.

Агляд
«Дагэтуль не выношу дотыкаў чужых». Беларускі масава выступаюць у сеціве супраць гвалту
2024.03.04 21:15

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў