Эдуард Бабарыка не прызнаў віны ў судзе


Пасля зачытвання абвінавачання ў судзе палітычны вязень Эдуард Бабарыка не прызнаў сваёй віны, паведамляе БелТА.

Эдуард Бабарыка ў судзе 22 траўня 2023 года.
Фота: belta.by

Эдуарду Бабарыку выставілі абвінавачанне паводле некалькіх крымінальных артыкулаў, у тым ліку за ўхіленне ад выплаты падаткаў; легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам; дапамогу ў арганізацыі масавых закалотаў і распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу.

БелТА таксама перадае, што, паводле абвінавачання, Эдуард надаў Сяргею Ціханоўскаму ды іншым асобам дапамогу ў арганізацыі масавых закалотаў. Гаворка пра інфармацыю, якая размяшчалася Ціханоўскім на платформах «Ulej» і «MolaMola» ў 2019–2020 гадах.

Суд над Эдуардам Бабарыкам пачаўся сёння, 22 траўня, у Менскім гарадскім судзе. Палітычнага вязня ўтрымліваюць пад вартай амаль тры гады, з лета 2020-га, яму пагражае да 20 гадоў турмы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў