«У нашых народаў адна мэта: еўрапейская будучыня». Ціханоўская працягвае афіцыйны візіт у Малдову


20 кастрычніка Святлана Ціханоўская прыехала ў Малдову на запросіны прэзідэнткі Маі Санду. Беларуская лідарка сустрэлася са старшынём парламенту рэспублікі і з парламенцкаю групаю «За дэмакратычную Беларусь».

На сустрэчы Святланы Ціханоўскай з групаю «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Малдовы. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Афіцыйны візіт абранай прэзідэнткі Беларусі ў Малдову – першы ў краіны СНД.

Як паведамілі «Белсату» ў Офісе Святланы Ціханоўскай, лідарка ўжо сустрэлася са старшынём парламенту Ігарам Гросу. Яны дамовіліся пра ўзаемнае падтрыманне на міжнародных пляцоўках і канстатавалі, што ў беларускага і малдаўскага народаў «аднолькавая мэта – еўрапейская і заможная будучыня для нашых краінаў».

Апроч таго, Ціханоўская папрасіла зладзіць прававую экспертызу некаторых законапраектаў, распрацаваных дэмакратычнымі сіламі Беларусі, з улікам таго, што Малдова цяпер прыводзіць свае нарматыўныя дакументы да еўрапейскіх стандартаў.

Святлана Ціханоўская са спікерам парламенту Малдовы Ігарам Гросу. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Таксама палітыкі абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне, вайну ва Украіне, суўдзел рэжыму Лукашэнкі і неабходнасць выбудоўваць новую сістэму бяспекі ў Еўропе, дамовіліся зарганізаваць супольную канферэнцыю ў пытаннях нейтралітэту.

«Агрэсія Расеі паказала, што стратэгія нейтралітэту, на якую рабілі стаўку і Беларусь, і Малдова, не працуе. І каб абмеркаваць гэтую праблему, дамовіліся зрабіць агульную канферэнцыю», – пракаментаваў дарадца абранай прэзідэнткі Анатоль Лябедзька.

Ігар Гросу далучыўся да акцыі падтрымання беларускіх палітычных вязняў і падпісаў для іх паштоўкі.

Hавiны
Ціханоўская скіравалася з візітам у Малдову на запрашэнне Санду
2023.10.20 15:56

Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з парламенцкаю групаю «За дэмакратычную Беларусь», створанаю роўна год таму. Дэпутаты заявілі пра гатовасць далучыцца да Дня салідарнасці 12 лістапада і прыйсці да беларускай амбасады ў Кішынэве з партрэтамі палітычных вязняў.

Бакі абмеркавалі супрацу ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях, супрацьдзеянне расейскай прапагандзе, а таксама супрацу з беларускаю дыяспарай у Малдове.

Адзін з удзельнікаў групы, дэпутат Віталь Гаўрук з беларускім і малдаўскім грамадзянствам, сказаў на сустрэчы: «У мяне два грамадзянствы і дзве прэзідэнткі: Мая Санду і Святлана Ціханоўская». Ён папрасіў выдаць яму новы пашпарт, бо хоча быць грамадзянінам вольнай Беларусі, «грамадзянінам Беларусі Ціханоўскай, а не Лукашэнкі».

Hавiны
Праект «пашпарта Новай Беларусі» крыху зменяць: няма правоў на карціны Шагала
2023.10.08 18:32

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў