У Беларусі бацькі змогуць здаваць дзяцей у закрытыя спецшколы


У Беларусі бацькам плануюць даць права здаваць дзяцей у «спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы». Змены ў заканадаўстве анансавалі ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Пакуль толькі суд можа накіраваць падлетка ў такую закрытую школу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спецшкола для цяжкіх падлеткаў у Башкартастане, Расея.
Фота: Вадзім Брайдаў / prufy.ru

Змены ў закон, што датычыць прафілактыкі падлеткавай злачыннасці, парламент неўзабаве разгледзіць ужо ў другім чытанні. Пра гэта міліцэйскай газеце «На страже» паведаміў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення аховы, правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Блізнюк.

Калі змены ўхваляць, дзяцей будуць накіроўваць у закрытыя спецшколы на падставе заявы бацькоў на тэрмін ад трох месяцаў да аднаго года.

«Цяпер у спецустанову згодна з пастановаю суда едуць тыя, хто здзейсніў злачынства і серыю адміністратыўных правапарушэнняў. Мы ж хочам перадухіліць настолькі цяжкія наступствы», – заявіў міліцыянт.

Ён наракае, што з цяжкімі падлеткамі часта не даюць рады ані бацькі, ані лекары і псіхолагі, і запэўнівае, што нічога дрэннага ў спецыяльнай выхаваўчай установе няма:

«Шмат хто з іх, прабыўшы там год-два, больш не пераступае закону, а некаторыя нават дамагаюцца пэўных вышыняў у жыцці. Вось мы і хочам дамагчыся, каб дзеці спыняліся раней, чымся здзейсняць злачынства. У такіх выпадках толькі бацькі змогуць ініцыяваць адданне дзіцяці ва ўстанову і толькі яны пастанаўляюць, на які тэрмін. Акрамя таго, яны будуць мець права забраць яго дадому раней».

Цяпер у Беларусі працуюць чатыры спецыяльныя закрытыя ўстановы для цяжкіх падлеткаў. У такія школы пакуль накіроўваюць толькі на падставе пастановы суда.

Hавiны
У Шчучыне публічна судзілі 12-гадовага падлетка
2024.02.11 16:15

Блізнюк таксама анансаваў змены ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, згодна з якімі няпоўнагадовым «цалкам забароняць ужываць алкаголь»:

«Цяпер падлетку нельга піць толькі ў грамадскіх месцах, а вось за тое, што ён падымае кілішак у кватэры, пакараць яго нельга, а гэта няправільна. Напрыклад, у Расеі і Казахстане за такі ўчынак дзіця нясе адміністратыўную адказнасць».

На даручэнне ўраду МУС «старанна прапрацоўвае гэтае пытанне» і да верасня плануе ўзгадніць яго з усімі зацікаўленымі дзяржорганамі. Як менавіта будуць караць падлеткаў за ўжыванне спіртнога, міліцыянт не ўдакладніў.

Пры гэтым ён не выключыў, што няпоўнагадовым забароняць ужываць і вэйпы – электронныя цыгарэты.

Аб’ектыў
Падлеткі менш «дымяць», але ўсё больш «параць»
2023.11.20 20:41

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў