У Варшаве беларусы зноў зладзяць вялікі «Hučna Fest»


«Free Belarus Center» ладзіць «Hučna Fest» ужо чацверты год запар. Фестываль яднае актуальнае беларускае мастацтва ў розных праявах і дае магчымасць беларускім актывістам паказаць сябе.

Афіша «Hučna Fest»

Сёлета «Hučna Fest»пройдзе 29 чэрвеня на беразе Віслы каля варшаўскага Музею сучаснага мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie 22). Уваход вольны.

«Мы запрашаем беларусаў і беларусак, украінцаў і ўкраінак, палякаў і полек, а таксама іншых жыхароў і гасцей Варшавы больш даведацца пра нашую Беларусь – сучасную, еўрапейскую і дэмакратычную», – адзначаюць арганізатары.

На музычнай сцэне выступяць «Разбітае сэрца пацана», Leibonik, «Nochy» і «Syndrom Samazvanca». Вядоўца – Мікіта Мелказёраў.

Разам з Беларускім ПЭНам падрыхтаваная насычаная літаратурная праграма:

  • прэзентацыя зборніку вершаў «Астралябія Божых таямніц» паэткі, мовазнаўцы Анхелы Эспіносы Руіс у музычным суправаджэнні Змітра Бартосіка і Юстыны Карпіловіч;
  • дыскусія пра жаночую беларускую літаратуру, яе аблічча і стан у сучаснасці з удзелам Вікі Біран, Насты Кудасавай, Светы Бень, Ганны Кандрацюк;
  • прэзентацыя і абмеркаванне тэмаў кнігі «Час пустазелля» Ганны Янкуты, суразмоўца – Крысціна Дробыш;
  • чытанні з дыскусіяй на тэмы неабароненай літаратуры і яе аўтараў як актывістаў з удзелам Тоні Лашдэн, Вікі Біран, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага, Светы Бень.

Таксама на фэсце будуць кніжныя стэнды беларускіх выдавецтваў.

Можна будзе даведацца больш пра сучаснае беларускае мастацтва ад стваральніцы праекту «Размовы маленькага геданіста» арт-менеджаркі Вольгі Мжэльскай.

«Белсат» – інфармацыйны партнёр «Hučna Fest». Плануецца стрым:

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў