«На Заходнім фронце без пераменаў»: у чарзе на мяжы з Польшчаю налічылі 400 легкавікоў


Колькасць легкавікоў у чарзе перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост» у Берасці, паводле звестак беларускага Памежнага камітэту на поўдзень, дасягнула 400. Акрамя таго, выезду ў Польшчу чакаюць 25 аўтобусаў. Сітуацыя на мяжы, што і без таго апошнім часам была напружанаю, ускладнілася з надыходам травеньскіх выходных.

Чарга перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост» у бок Польшчы. Берасце, Беларусь. 12 траўня 2024 года.
Фота: granica_bypl / Telegram

400 легкавых аўтаў і 25 аўтобусаў – такія чэргі зафіксаваў апоўдня Дзяржаўны памежны камітэт перад «Варшаўскім мостам», адзіным адкрытым пунктам пропуску ў суседнюю Польшчу.

Тыя, хто сёння мінуў мяжу на ўласнай машыне, пішуць у Telegram-чатах, што чакаць давялося больш за 20 гадзінаў. Аўтобусамі цяпер шпарчэй; паводле пасажыраў, каля 7–8 гадзінаў. Улічваючы, што надоечы і аўтобусы чакалі содні, гэта вялікае дасягненне.

Падарожнікі паведамляюць, што шмат якія аўтобусы польскія службоўцы накіроўваюць на рэнтген, а гэта павялічвае час чакання. Акрамя таго, пільна даглядаюць і легкавікі, з дапамогаю рэнтгена таксама.

Чэргаў у Тэрэспалі на ўезд у Беларусь няма.

Hавiны
Што там на мяжы перад вялікімі выходнымі?
2024.05.10 15:04

На мяжы з Літвою легкавых аўтаў меней: у пункце «Каменны Лог» – 80, у Беняконях – 70. Падарожнікі сведчаць, што ў «Каменным Лозе» чакаць давялося каля 11 гадзінаў, у Беняконях – 14 гадзінаў.

Таксама назбіраліся чэргі ў бок Беларусі. Перад «Каменным Логам» цяпер 250 аўтаў. Адзін кіроўца паскардзіўся, што чакаў там 40 гадзінаў:

«Улазяць перад самай мяжою, маўляў, за дакументамі ездзілі, некалькі гадзінаў чакаюць і ўкліньваюцца».

У Беняконях налічылі каля 70 аўтаў, меркаваны час чакання – не меней за 12 гадзінаў.

Аўтобусных чэргаў на мяжы з Літвою няма, звычайна кантроль займае каля 3–4 гадзінаў. Праўда, падарожнікі папярэджваюць, што калі ў Беларусь едуць украінцы, час чакання істотна павялічваецца праз правяранне беларускіх службоўцаў.

У адзіным пункце пропуску на мяжы з Латвіяй няма чаргі ані легкавікоў, ані аўтобусаў.

Што датычыць цяжкавікоў, то ў Казловічах на мяжы з Польшчаю іх 850, у двух пунктах пропуску ў бок Літвы – 1 040, на ўезд у Латвію – 370.

Каментар
«Беларускі бок ведае прычыны». У Польшчы пракаментавалі рэкордныя чэргі легкавікоў на мяжы
2024.04.10 17:34

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў