Закон аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства набудзе моц праз паўгода


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон № 24303 ад 5 студзеня, які ўносіць змены ў Закон аб грамадзянстве, ён набывае моц праз шэсць месяцаў пасля публікацыі. Згодна з прынятым законам, пазбаўляць грамадзянства Беларусі змогуць тых, хто атрымаў яго паводле нараджэння.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У новай рэдакцыі закону пазбаўляць беларускага грамадзянства змогуць за «экстрэмізм», за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы і паводле некаторых іншых крымінальных артыкулаў.

У законе прапісаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу аб распальванні варожасці, масавых беспарадках, здрадзе дзяржаве, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і іншыя, асуджаных паводле якіх могуць пазбаўляць грамадзянства. Гэта: арт. 122–137, 287, 289, ч. 2 арт. 290, арт. 290-1–293, ч. 4 арт. 294, ч. 4 арт. 295, ч. 4 арт. 309, ч. 3 арт. 311, ч. 3 арт. 322, ч. 3 арт. 323, ч. 3 арт. 324, ч. 2 арт. 333, 356, 357, 359–362, ч. 2 арт. 363, арт. 364, 366, ч. 2 арт. 367, арт. 388.

Таксама ў апублікаваным законе гаворыцца, што «грамадзянства Рэспублікі Беларусь губляецца: з прычыны паступлення асобы на вайсковую службу, службу ў паліцыю, органы бяспекі, юстыцыі ці іншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы». Такім чынам, добраахвотнікі, якія бяруць удзел у вайне ва Украіне, могуць страціць беларускае грамадзянства.

Закон таксама вызначае абавязкі грамадзяніна інфармаваць улады цягам трох месяцаў пра атрыманне іншага грамадзянства, віду на жыхарства або іншага дакументу замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі. Паведаміць пра гэта трэба ў органы ўнутраных справаў або ў дыпламатычную службу. Апавяшчаць службы трэба і ў выпадку спынення дзеяння іншага грамадзянства або згаданых дакументаў.

Абноўлены закон прадугледжвае і абавязковае прынясенне прысягі Беларусі пры ўступленні ў грамадзянства. Рашэнне пра наданне грамадзянства Рэспублікі Беларусь адмяняецца, калі асоба адмовілася ад прынясення прысягі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў