Ва ўладах Польшчы спрачаюцца пра страляніну на мяжы з Беларуссю: «Гэтак пачыналіся войны»


У канцы сакавіка ці пачатку красавіка польскія вайскоўцы адганялі мігрантаў на мяжы з Беларуссю стрэламі ў паветра і па зямлі. У чэрвені стала вядома, што трох вайскоўцаў затрымалі, вызвалілі, але выставілі падазрэнні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Спрэчкі пра тое, ці перавысілі яны паўнамоцтвы, адбываюцца на фоне забойства вайскоўца мігрантамі. «Белсат» пераказвае, як разважаюць пра страляніну польскія ўлады і апазіцыя.

Паводле польскіх медыяў, інцыдэнт меў месца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка ў зоне заставы ў Дубічах-Царкоўных. Паводле журналістаў, у той дзень праз агароджу незаконна прабралася група з прыблізна 50 маладых мужчынаў. Польскія жаўнеры спачатку зрабілі некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, аднак гэта не дапамагло, мігранты працягнулі рухацца наперад. Тады вайскоўцы пачалі страляць у зямлю перад імі дзеля самаабароны. Агулам зрабілі 43 стрэлы. У выніку мігранты мусілі адступіць на тэрыторыю Беларусі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 7 чэрвеня выступіў з кароткаю заяваю пра інцыдэнт са стралянінай. Ён расказаў, што будзе дамагацца адхілення намесніка генеральнага пракурора ў вайсковых справах Томаша Янэчэка. На гэта патрэбная згода прэзідэнта, і Туск спадзяецца атрымаць яе яшчэ да сустрэчы з Анджэем Дудам, запланаванай на панядзелак. Імаверна, гаворка пра скліканае Дудам на панядзелак паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі з прычыны сітуацыі на мяжы. Сам Дуда казаў, што вайскоўцы, якіх затрымлівалі, заслугоўваюць прабачэння.

«Для мяне відавочна, што ўсе дзяржаўныя органы маюць дзеяць гэтак, каб даць жаўнерам, памежнікам і паліцыі поўнае адчуванне дзяржаўнага падтрымання», – казаў Туск.

Кіраваць разборам у справе страляніны Туск прасіў беспасярэдне генеральнага пракурора. Ён заклікаў, каб закон не закрануў вайскоўцаў, калі яны не ўчынялі напраўду істотнага правапарушэння ці злачынства, і анансаваў на панядзелак прапановы зменаў у законы. Туск таксама плануе паразмаўляць з кіраўнікамі памежных ваяводстваў і з вайскоўцамі, якія бароняць мяжу.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш, які належыць да Польскай народнай партыі з кіроўнай кааліцыі, назваў затрыманне польскіх жаўнераў непрымальным. Ён паабяцаў, што ўсе абставіны дзеянняў вайсковай паліцыі будуць высветленыя, і дадаў: «Жаўнеры, якія стаяць на варце бяспекі дзяржавы, мусяць быць пэўныя, што іх абараняюць прававыя працэдуры».

Маршалак Сейму (ніжняй палаты парламенту) і лідар руху «Польшча 2050» у складзе кіроўнай кааліцыі Шыман Галоўня выказаўся яшчэ больш рэзка: як перадае Польскае прэсавае агенцтва, ён пытаў, ці мае права салдат страляць у «бандыта, які нападае на яго з другога боку», і сам адказаў, што не толькі мае відавочнае права, але фактычна і абавязаны гэта зрабіць. Але Галоўня адзначыў, што любое ўжыванне зброі на мяжы мае рэгламентавацца спецыяльнымі нормамі, бо Беларусь і Расея «хочуць учыніць правакацыю», якая можа стацца нагодаю для вайны – casus belli.

Аналітыка
Расея тэстуе польскую мяжу? Чаму мігранты сталі ўсё часцей атакаваць памежнікаў Польшчы
2024.06.06 07:00

Чальцы цяпер апазіцыйнай партыі «Закон і справядлівасць» дамагаюцца адстаўкі ўсяго ўраду ў сувязі з абвінавачваннямі вайскоўцаў, патрабуюць спынення разбору і абураюцца тым, што на вайскоўцаў, якія мелі поўнае права ўжываць зброю, надзявалі кайданкі. Лідар спісу партыі на выбарах у Еўрапарламент у адной з акруг Мацей Вонсік заявіў, што польскія службы цяпер кіпяць, бо не разумеюць, ці змогуць ужываць зброю, а вайскоўцы, якіх затрымлівалі, заслугоўваюць узнагароды.

Ды так лічаць не ўсе ў Польшчы. Намеснік міністра абароны Павэл Залеўскі («Польшча 2050») сказаў, што стрэлы вайскоўцаў былі не толькі ў бок мігрантаў, якія перайшлі на польскую тэрыторыю, але і ў бок беларускай мяжы. Ён заклікаў уявіць, што было б, калі б куля зачапіла беларускага памежніка:

«Бо Беларусь нічога іншага не робіць акрамя таго, што нас правакуе. Толькі нас правакуе ўласна на гэта. Так пачыналіся войны», – даводзіў Залеўскі.

Ён адзначыў, што польскія вайскоўцы – у вялікім стрэсе, бо падрыхтаваныя да баявых дзеянняў, а місія на мяжы – не ўзброеная барацьба.

Гісторыі
7 абсурдных нагодаў для пачатку вайны: вядро, футбол, свіння…
2022.02.04 06:30

На якім фоне ідуць унутрыпалітычныя спрэчкі

6 чэрвеня памёр вайсковец, на якога напаў з нажом мігрант, спрабуючы нелегальна прайсці з Беларусі ў Польшчу. Міністэрства замежных справаў Польшчы запатрабавала ад Беларусі выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна. Пазней Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што гатовы расследаваць трагедыю на мяжы з Польшчай, у тым ліку ў двухбаковым фармаце, але пакуль нібыта не атрымаў ад польскага боку неабходнай інфармацыі.

Акрамя таго, у цяжкім стане застаецца памежнік, якога адзін з мігрантаў ударыў галінаю па галаве – у яго дыягнаставалі пералом асновы чэрапа і моцнае пашкоджанне вачніцы, вока могуць не ўратаваць.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказала спачуванні сям’і і блізкім загінулага вайскоўца, падкрэсліўшы:

«Прычына гэтай трагедыі – рэжым Лукашэнкі, які ўжо доўгі час правакуе сутыкненні з удзелам мігрантаў для ціску на Польшчу».

Тым часам міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з дзяржавамі Еўразвязу не спыняецца. Памежная служба Польшчы паведаміла, што за 5–6 чэрвеня на мяжы з Беларуссю былі перадухіленыя амаль 400 спробаў незаконнага пераходу, за спрыянне гэтым спробам затрымалі трох асобаў з Румыніі і Украіны, дапамогу давялося надаць пяцярым замежнікам, а ў бок польскіх патрулёў мігранты кідалі галіны, камяні і бітыя бутэлькі, стралялі з рагатак. Плынь мігрантаў на Літву зменшылася: за мінулы дзень наагул не зафіксавалі ніводнай спробы нелегальнага пераходу. На мяжы Беларусі і Латвіі за мінулы дзень перадухілілі 21 спробу.

Hавiны
Літва змякчыла забарону на правоз прадуктаў з Беларусі: можна ўскрытыя пакункі
2024.06.05 18:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў