Сітуацыя на мяжы Беларусі і ЕЗ: складана, але не безнадзейна


Сітуацыя на мяжы Беларусі з заходнімі краінамі застаецца даволі складанай. У чатах людзі адзначаюць вялікія чэргі, усё так жа стаяць соднямі. На літоўскім кірунку з прадуктамі стала не так жорстка: што-нішто ўдаецца правезці. Тым не менш, паводле паведамленняў у чатах, можна прыкмеціць, што людзі паступова пачынаюць прывыкаць да новай рэальнасці і ўлічваць доўгія памежныя прыгоды ў раскладзе сваіх паездак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга з аўтамабіляў на польска-беларускай мяжы ля пункту пропуску «Тэрэспаль». 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле звестак Памежнага камітэту Беларусі, 7 чэрвеня найбольш загружаным кірункам застаецца польскі. На 16:00 з беларускага боку зафіксаваныя 330 легкавікоў і 60 аўтобусаў на пераходзе «Берасце», а таксама 300 цяжкавікоў на пераходзе «Казловічы».

На Літву ў «Каменным Лозе» і «Беняконях» стаяць 90 і 70 легкавікоў адпаведна, аўтобусаў не фіксуецца ўвогуле. Затое вось з грузавым транспартам сітуацыя больш складаная: «Каменны Лог» – 690 цяжкавікоў, «Беняконі» – 730.

У латвійскім кірунку праз пераход «Грыгароўшчына» стаяць 40 легкавікоў і 660 цяжкавікоў. Чаргі з аўтобусаў на гэтым пераходзе не адзначаюць.

У чатах традыцыйна публікуюцца справаздачы асобаў, якія мінулі мяжу. Гэтак, на беларуска-польскім пераходзе некаторыя стаяць содні і болей (да 29 гадзінаў).

Скрыншот: Брест – Тересполь / Telegram

Спазненне аўтобусаў, якія адпраўляюцца з Беларусі ў Польшчу, паводле ўдзельнікаў чатаў, можа складаць ад 8 да 19 гадзінаў. З польскага боку ў Беларусь праезд аўтобусам можа заняць каля васьмі гадзінаў.

Чэргі на мяжы.
Фота: Каменный Лог – Мядининкай / Telegram

У літоўскім кірунку («Каменны Лог») некаторыя пасажыры паведамляюць, што ўдалося прайсці абодва пункты пропуску за 4,5–6 гадзінаў, іншыя пішуць пра 19 гадзінаў, праведзеныя на мяжы ў аўтобусе. Таму, вельмі падобна, шмат што залежыць ад змены, якая працуе на пункце пропуску.

Шмат каго цікавяць пытанні правозу прадуктаў. Адна пасажырка адзначыла, што на правяранне кожнага аўтобуса літоўскія мытнікі трацілі каля 40 хвілінаў: «Цукеркі на вагу дазвалялі да 2 кг, у каробках адбіралі… Цыгарэты забіралі, ізноў жа, калі знойдуць наверсе… Лекі самыя простыя прапусцілі».

Нагадаем, што з 3 ліпеня пачала дзеіць забарона на імпарт у Літву харчоў з Беларусі і Расеі. Літоўскія мытнікі трактавалі гэта як забарону для фізічных асобаў на ўвоз з Беларусі ў Літву нават гарбаты ў тэрмасе і пачалі адбіраць усё на мяжы. Але 5 чэрвеня літоўская мытня паведаміла, што «забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія перавозяцца транзітам, а таксама тавары, прызначаныя толькі для асабістага выкарыстання падчас паездкі (калі пакункі былі ўскрытыя)».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў