Бар «Банкі-бутэлькі», які закрылі за песню «Океан Ельзи» ў Менску, адкрываецца ў Варшаве


Уладальнікі бару «Банкі-бутэлькі», які раней працаваў у Менску, Андрэй і Марыя Жук, а таксама спявачка Мерыем Герасіменка, перазапускаюць установу ў Варшаве. Усе трое трапілі пад рэпрэсіі пасля канцэрту ў бары ў жніўні 2022 года. Тады Мерыем праспявала песню «Обійми» ўкраінскага гурта «Океан Ельзи». Бар неўзабаве быў закрыты.

Бар «Банкі-бутэлькі», які працаваў у Менску.
Фота:  relax.by

«Мы адраджаем той самы менскі бар», – паведамляе Ілля Салей, юрыст, былы палітвязень і партнёр Жукоў і Мерыем. У каманду таксама ўвайшлі некалькі непублічных асобаў.

Новыя «Банкі-бутэлькі» можна будзе знайсці ў Варшаве пад назвай «Buns&Bottles». У сваім «Instagram» каманда піша, што бар хутка адкрыецца.

Мерыем Герасіменка была затрыманая неўзабаве пасля канцэрту ў бары «Банкі-бутэлькі». Спачатку яе арыштавалі на 15 содняў паводле адміністратыўнага артыкулу, а затым перазатрымалі ў рамках крымінальнай справы за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і змясцілі ў СІЗА. 20 студзеня 2023 года суддзя Вікторыя Шабуня пакарала Мерыем 3 гадамі «хатняй хіміі». Спявачка была эвакуяваная з Беларусі. У красавіку 2024 года, ужо будучы за мяжою, Мерыем выйшла замуж.

«Майго Антона паўтара года таму дэпартавалі з Рэспублікі Беларусь за адмову ад дачы на мяне ілжывых паказанняў пра тое, што нібыта сродкі, атрыманыя з майго вулічнага канцэрту ў бары “Банкі-бутэлькі” ў жніўні 2022 года, былі пералічаныя на спансаванне і фінансаванне ЗСУ .

Нагадаю, што гэта быў бясплатны выступ на тэрыторыі бару для жыхароў гораду, дзе я не зарабляла, папрасіўшы толькі аб адным, што людзі могуць прынесці замест кветак корм альбо іншую дапамогу для жывёлінаў, і пасля канцэрту мы ўсе перадамо валанцёрам, як я рабіла не першы раз, заўсёды дапамагаючы вушастым малым. Але “казачнікам” трэба было выкруціць і зрабіць шоу, што мы з уладальнікамі бару галоўныя спонсары “ЗСУ і байрактараў” (апошняе слова, я даведалася толькі на допытах, якое не магла нават вымавіць, не тое што спансаваць)», – распавяла пра рэпрэсіі Герасіменка.

Яна таксама паведаміла, што ГУБАЗіК збіваў яе мужа чатыры гадзіны.

Андрэй і Марыя Жукі таксама былі пакараныя «хатняй хіміяй».

Hавiны
Лідар гурту «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд Мэрыем Герасіменцы
2023.01.25 17:35

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў