«Вялікі Чынгісхан», адносная свабода слова і дзёрзкі былы прэзідэнт. Што трэба ведаць пра Манголію


Аляксандр Лукашэнка 1–4 чэрвеня наведвае Манголію. Беларускія медыі надаюць гэтаму візіту вялікую ўвагу, мангольскія незалежныя ім не надта цікавяцца. Былы прэзідэнт Манголіі заклікаў арыштаваць Лукашэнку, але станам на вечар 3 чэрвеня госць з Беларусі на волі.

Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух прыняў Лукашэнку ў Дзяржаўным палацы. Улан-Батар, Манголія. 3 чэрвеня 2024 года.
Фота: President.mn

Гэта першы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію за 30 гадоў ва ўладзе: у 1992 годзе Лукашэнка быў у Манголіі, але яшчэ ў якасці дэпутата Вярхоўнага савету. Акрамя таго, з 1991 года Манголію толькі двойчы наведвалі прэм’ер-міністры Беларусі, а ў Беларусь з Манголіі прыляталі толькі звычайныя міністры. Між Менскам і Улан-Батарам ніколі не было цесных палітычных стасункаў, ды і фізічна між сталіцамі больш як 5300 км (або больш як 6800 км, калі па дарогах). Прынамсі, Манголія не ўводзіла эканамічных і палітычных санкцыяў адносна Беларусі.

Адзін з добрых паказнікаў шчыльнасці стасункаў – вонкавы гандаль. За мінулы год абарот між краінамі склаў 29,2 млн долараў паводле беларускіх звестак (гэта ў 1815 разоў менш, чым між Беларуссю і Расеяй) і крыху больш за 600 млн долараў паводле мангольскай статыстыкі (32,4 млн імпарту з Беларусі і аднекуль аж 572,5 млн долараў экспарту ў Беларусь – быць можа, з улікам транзіту). Беларуская дэталёвая статыстыка пра вонкавы гандаль засакрэчаная з 2021 года. З мангольскай жа відаць, што Манголія гандлюе ў два-тры разы больш з Польшчай, таксама актыўней гандлюе з Літвой.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 14:27

Лукашэнка, паводле беларускага дзяржаўнага агенцтва «БелТА», і сам прызнаў, што гандлёва-эканамічныя адносіны між Беларуссю і Манголіяй маглі б «мякка кажучы, быць значна лепшымі». Ён прапаноўваў вызначыць тры-чатыры прыярытэтныя праекты, каб «пераканаць і ваш народ, і кіраўніцтва краіны, і журналістаў, і вашую апазіцыю, што мы нешта можам».

У выніку падпісалі дамову аб дружбе і супрацы, дамову аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, дарожную мапу супрацы да 2026 года і шэраг мемарандумаў, дамовіліся аб пастаўках беларускай тэхнікі для горназдабывальнай прамысловасці, сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, машынаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў. Супольныя зборачныя прадпрыемствы засталіся пажаданнем беларускага боку на перспектыву.

Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух прыняў Лукашэнку ў Дзяржаўным палацы. Улан-Батар, Манголія. 3 чэрвеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Паралельна з сустрэчамі на найвышэйшым узроўні праходзіць бізнес-форум. На ім падпісалі 13 дамоваў на суму ў 20 млн долараў – не значна менш за гадавы таваразварот, калі верыць беларускай статыстыцы.

Эксперты, апытаныя «Белсатам», не пабачылі эканамічнага сэнсу ад візіту – хіба сэнс у тым, каб паказаць, што Беларусь не ізаляваная, а Лукашэнку прымаюць нават у даволі дэмакратычнай краіне. Манголія, хоць аточаная жорсткімі аўтакратыямі, даволі дэмакратычная: у рэйтынгу дэмакратыяў часопісу «The Economist» займае 59-е месца са 167, абганяе Балгарыю і Румынію. Дэмакратыя там не ідэальная, былі спрэчныя законы і масавыя пратэсты супраць карупцыі. Ды Беларусь у згаданым рэйтынгу на 153-м месцы.

З Чынгісханам не склалася

Лукашэнку ў мангольскім аэрапорце «Чынгісхан» віталі з ганаровай вартай і пачастункам ад жанчын у нацыянальных строях, затым звадзілі ў музей Чынгісхана – экскурсію праводзілі дырэктар музею і міністр замежных справаў. Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух прыняў Лукашэнку ў Дзяржаўным палацы – перад якім госця зноў вітала ганаровая варта, толькі на гэты раз яшчэ і з конніцай. Для сустрэчы ў адной з залаў палацу падрыхтавалі спецыяльную традыцыйную мангольскую юрту.

Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух прыняў Лукашэнку ў Дзяржаўным палацы. Улан-Батар, Манголія. 3 чэрвеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Паводле беларускага боку, перш за ўсё размова між імі была аб магчымасцях пашырэння ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пастаўках на мангольскі рынак запатрабаванай харчовай і прамысловай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, супольнай працы ў аграрнай прамысловасці.

Лукашэнка «як гісторык» таксама звязаў дзеянні Мангольскай імперыі часоў Чынгісхана з дзеяннямі Уладзіміра Пуціна і вайной ва Украіне. Ён распавядаў прэзідэнту Манголіі: вунь Чынгісхан змагаўся за сваю краіну і бараніў сваіх людзей:

«Яны гінулі на полі бою тысячамі, але калі хтосьці смеў пакрыўдзіць ягонага ваяра, ён мячом і агнём змятаў селішчы і гэтых людзей, – казаў Лукашэнка пра Чынгісхана прэзідэнту Манголіі. – Што ж адбылося паміж Украінай і Расеяй? А тое ж самае».

Ён распавёў, што гэта нібыта Украіна рыхтавалася напасці на Беларусь і Расею, а да таго Расея напала на Данбас і акупавала Крым, бо «ў Адэсе спалілі рускіх людзей» (імаверна, маецца на ўвазе пажар у Доме прафсаюзаў у 2014 годзе).

Лукашэнка выказаў неразуменне: чаму манголы асуджаюць Расею, якая «не хоча вайны», калі іхныя продкі могуць правесці паралелі з падзеямі 800-гадовай даўніны?

«Вялікі Чынгісхан, перад якім вы схіляецеся, і заслужана, таму што ў вас вялікая гісторыя, заўсёды вучыў: каб нечага дасягнуць, кожнаму трэба на сваім месцы рабіць сваю справу. А ўлада павінна быць жорсткай, цвёрдай, як кулак. Растапыранымі пальцамі ўладу ніхто не трымае».

Лукашэнка згадаў, што Мангольская імперыя даходзіла да сучасных межаў Беларусі. Але заявіў, што Чынгісхан «у Беларусь не пайшоў, дамовіліся». На самой справе, сам Чынгісхан не заходзіў далей за Цэнтральную Азію, але ягоныя войскі бралі Кіеў. Мангольскую навалу нашэсце неўзабаве пасля смерці Чынгісхана спазналі Берасце, Давыд-Гарадок, Падляшша, Тураўскае княства. Чаму мангола-татарскае войска тады не рушыла далей на поўнач, дакладна не вядома.

Гісторык Аляксандр Фрыдман параўнаў выказванні Лукашэнкі пра Чынгісхана з ранейшай заявай пра «Скарыну Піцерскага».

Intermarium
Гісторыкі разграмілі міф пра Кіеўскую Русь, якім Масква апраўдвае сваю агрэсію
2023.12.17 16:15

А яшчэ ў Манголіі ёсць адносная свабода слова і былы прэзідэнт

Манголія ўсё ж не самая дэмакратычная краіна. У рэйтынгу свабоды слова «Рэпарцёраў без межаў» яна толькі на 109-м месцы са 180 (яшчэ год таму была на 88-м). Але гэта куды вышэй за 167-е месца Беларусі, і Лукашэнку такая свабода медыяў не падабаецца.

Лукашэнка заявіў, што прааналізаваў рэакцыю на ягоны візіт у Манголію сродкаў масавай інфармацыі Манголіі, Беларусі, Расеі і ўсяго астатняга свету. Заўважыў, што ў Манголіі частка насельніцтва «негатыўна ўспрыняла» дапамогу Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну – ад таго і правёў лекцыю альтэрнатыўнай гісторыі пра Чынгісхана.

Агляд
Ён яшчэ і паэт! Што Лукашэнка нагаварыў пра журналістаў, інфармацыйную вайну і свае вершы
2024.05.28 19:31

Дзяржаўныя медыі Манголіі паведамлялі пра візіт Лукашэнкі ў тым жа духу, што і беларускія: матэрыялы Мангольскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі нагадваюць матэрыялы Белтэлерадыёкампаніі.

Некаторыя хваляць неасцярожна: напрыклад, мангольскае дзяржаўнае агенцтва «Монцамэ» нагадвала, што Беларусь – радзіма некалькіх лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, у тым ліку Святланы Алексіевіч, якая была вымушаная эміграваць з Беларусі пасля далучэння да Каардынацыйнай рады. Цяпер радзіма набэлянткі пагражае адабраць у яе кватэру – пра што «Монцамэ» не згадвае. Таксама як не згадвае пра яшчэ аднаго лаўрэата Нобэлеўскай прэміі: палітвязня Алеся Бяляцкага, якому ў няволі не давалі неабходных лекаў.

Недзяржаўныя мангольскія выданні параўнальна мала асвятляюць візіт Лукашэнкі. Але News.mn, напрыклад, расказвае пра пратэсты супраць візіту Лукашэнкі, на якіх госця называюць крывавым дыктатарам і ўзурпатарам, які не мусіць наведваць Манголію. Расказвае і пра гвалтоўнае затрыманне пратэстоўцаў.

Хвалю супраць візіту Лукашэнкі падняў былы прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж, які назваў беларускага госця «дыктатарам-ізгоем, які імкнецца прасунуць крамлёўскі праект» і заклікаў арыштаваць яго ва Улан-Батары. Элбэгдорж раней троліў Пуціна гістарычнымі мапамі той самай Мангольскай імперыі, якую нахвальваў Лукашэнка.

У каментарах пад навіной пра візіт Лукашэнкі на сайце iSee.mn відаць, што некаторыя манголы незадаволеныя і візітам, і ўладай, якая такога госця запрасіла. А пад пераказам прамовы Лукашэнкі пра Чынгісхана на сайце Ikon.mn на момант публікацыі з 245 эмодзі-рэакцыяў 172 – «какашкі».

Рэакцыя чытачоў на артыкул аб выказванні Аляксандра Лукашэнкі «Мне вельмі шкада, што мангольская прэса падае неаб’ектыўныя звесткі і паказвае нас як ворагаў». 3 чэрвеня 2024 года.
Скрыншот: Ikon.mn

Лукашэнка заўважыў, што Манголію чакаюць складаныя парламенцкія выбары – яны запланаваныя на 28 чэрвеня. Паводле апытанняў (PDF), Мангольская народная партыя можа страціць бальшыню. Фрыдман жа адзначае, што Лукашэнка зрабіў сваім візітам «падарунак» якраз апазіцыі, якая будзе крытыкаваць партыю ўлады за прыём такога госця.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў