Польшча сцягнула да мяжы дадатковыя сілы


Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што ў святле агрэсіўных паводзінаў мігрантаў на польска-беларускую мяжу былі сцягнутыя дадатковыя сілы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: kresy.pl

Заяву аб дадатковым узмацненні мяжы з дапамогай войска і паліцыі польскі міністр зрабіў 1 чэрвеня падчас брыфінгу ў Томашуве-Мазавецкім.

«Ужо некалькі месяцаў мы маем справу са спробамі перасячэння мяжы людзей, якія ні ў якім разе не жадаюць тут знайсці прытулак, яны з’яўляюцца інструментам у руках спецслужбаў Беларусі і Расеі, бо пераважная большасць з іх мае расейскія візы», – заявіў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Міністр згадаў, што на польска-беларускую мяжу былі накіраваныя вайскоўцы 25-й паветрана-кавалерыйскай брыгады і 6-й паветрана-дэсантнай брыгады. У памежнай зоне зʼявілася бронетэхніка, салдаты і памежнікі атрымалі дадатковую індывідуальную экіпіроўку, таксама да мяжы былі сцягнутыя дадатковыя сілы паліцыі, падрыхтаваныя для барацьбы з натоўпам.

Паводле словаў міністра, салдаты 25-й паветрана-кавалерыйскай брыгады з Томашува-Мазавецкага прыбылі на мяжу ў сераду, 29 траўня. Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што ў яе ўваходзяць найлепшыя спецназаўцы, чырвоныя берэты, салдаты з найбольшым вопытам выканання місіяў у Афганістане і Іраку, а таксама ў Косаве, «дзе яны служылі ў якасці стабілізацыйных сіл». Іхная задача – «змагацца з натоўпам, супакойваць», дадаў міністр.

29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць буферную зону на мяжы з Беларуссю шырынёй каля 200 метраў. Пачынаючы з 4 чэрвеня у гэтых зонах будзе ўведзеная часовая забарона на знаходжанне. Забарона будзе дзейнічаць цягам 90 дзён.

Нагадаем, што толькі цягам 29–30 траўня Падляскі аддзел памежнай службы зафіксаваў больш за 300 спробаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Агулам жа травень стаў рэкордным паводле колькасці спробаў незаконнага мінання мяжы Еўразвязу з боку Беларусі з пачатку міграцыйнага крызісу. За 26 дзён месяца трапіць у Польшчу, Літву і Латвію намагаліся 6647 асобаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў