Пераходны кабінет рыхтуе пашпарт новай Беларусі з гербам Пагоня. Ці хутка зʼявіцца?


Беларуская апазіцыя распрацавала праект альтэрнатыўнага пашпарта і дамаўляецца з партнёрамі наконт яго падтрымання. Пра гэта піша DW са спасылкаю на чальца Абʼяднанага пераходнага кабінету (АПК) Валера Кавалеўскага. Абяцаюць Пагоню на вокладцы.

У 1990-я гады ў Беларусі герб Пагоня быў на звычайных і дыпламатычных пашпартах. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Анатоль Лябедзька / Радыё «Свабода» / Facebook / svaboda.org

1 лютага стала вядома, што Абʼяднаны пераходны кабінет рэалізуе праект стварэння пашпарта, які, як чакаюць, дапаможа беларусам за мяжою развязаць праблему пратэрмінаваных дакументаў.

Як расказаў прадстаўнік АПК у міжнародных справах Валер Кавалеўскі, распрацаваны макет дакументу са спецыяльнымі ахоўнымі ўласцівасцямі, які адпавядае стандартам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO). На наступнай фазе АПК павінен будзе знайсці дзяржаву-партнёра, якая забяспечыць тэхнічную падтрымку. Праект стварэння альтэрнатыўнага беларускага пашпарта гатовая падтрымаць Еўракамісія, пра што ёсць дамоўленасці.

У якасці краіны-партнёра разглядаюцца Эстонія ды Ісландыя. Чакаюць, што такі партнёр здолее выдаваць патрэбны для пашпарта код тыпу BLR, які кожнай дзяржаве прысвойвае ААН. DW са спасылкаю на Франака Вячорку, дарадцу Святланы Ціханоўскай, паведамляе, што з атрыманнем кода краіны «ёсць пэўныя пытанні». Аднак Кавалеўскі кажа, што альтэрнатыўны пашпарт будзе сапраўдным беларускім нацыянальным пашпартам з гербам Пагоня на вокладцы. Пры гэтым макет «пашпарта новай Беларусі» публіцы яшчэ не паказалі.

Што дасць альтэрнатыўны пашпарт

Паводле Кавалеўскага, альтэрнатыўны пашпарт будзе пацвярджаць беларускае грамадзянства, з ім можна будзе падарожнічаць. Аднак дазвол на ўезд ці пражыванне ў той ці іншай краіне трэба будзе ўсё роўна атрымліваць. З альтэрнатыўным пашпартам можна будзе адкрываць рахунак у банку, набываць і рэгістраваць тэлефонную сім-карту. Плануецца, што на пачатковым этапе альтэрнатыўны пашпарт будзе дзеяць у межах Шэнгенскай зоны ў ЕЗ, далей тэрыторыя яго выкарыстання будзе пашырацца праз перамовы.

У перспектыве альтэрнатыўны пашпарт змогуць атрымаць усе грамадзяне Беларусі, хто пажадае. Аднак першым часам яго будуць выдаваць пераважна тым, хто мае патрэбу ў замене ці аднаўленні дакументаў. Напрыклад, у даволі вялікай колькасці грамадзянаў Беларусі, якія цяпер ва Украіне, скончыўся тэрмін дзеяння ранейшых пашпартоў, альбо дакументы страчаныя. Па новы пашпарт звярнуцца няма куды, а дзяржаўныя органы Украіны адмаўляюцца выдаваць замежнікам даведкі пра страту дакументаў. У выніку такім беларускім грамадзянам цяжка легалізавацца, яны не могуць выехаць з Украіны. Такім асобам АПК плануе выдаць альтэрнатыўны пашпарт першачаргова.

Атрымаць альтэрнатыўны пашпарт змогуць і грамадзяне, якія цяпер унутры краіны, але для гэтага ім давядзецца выехаць за мяжу. Праўда, мець такі пашпарт пры сабе ў Беларусі наўрад ці будзе бяспечна.

Дакладныя тэрміны зʼяўлення альтэрнатыўных пашпартоў невядомыя. Гэта будзе залежаць ад таго, як хутка здолеюць дамовіцца з партнёрамі.

Падобнае было ў гісторыі

DW праводзіць аналогію праекту альтэрнатыўнага беларускага пашпарта з пашпартамі Літвы, Латвіі ды Эстоніі, якія з 1940 года на Захадзе лічыліся акупаванымі СССР. Праўда, там пашпарты выдавалі грамадзянам дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія тры прыбалтыйскія краіны захавалі ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі ды іншых заходніх дзяржавах. Аднак тыя пашпарты не мелі ніякай практычнай карысці, а толькі дазвалялі грамадзянам акупаваных краінаў захоўваць сваю ідэнтычнасць. Пры гэтым імігранты стараліся як хутчэй атрымаць дакументы краінаў, дзе ім давялося знайсці прытулак пасля ўцёкаў з радзімы. У адрозненне ад краінаў Балтыі, Беларусь не прызнаная акупаванай, яе дыпламатычныя прадстаўніцтвы свабодна дзеюць за мяжой, амбасадары ўручаюць даверчыя лісты. Таму рэалізацыя праекту альтэрнатыўных пашпартоў можа замарудзіцца, пакуль акупацыі Беларусі не прызнаюць як юрыдычны факт.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў