Затрыманні вядоўцаў, завочны суд і пераслед за татуіроўку. Хроніка рэпрэсіяў


У Беларусі чацверты год трываюць масавыя палітычныя рэпрэсіі. «Белсат» распавядае пра арышты і суды за 31 траўня.

Супрацоўнікі міліцыі падчас трэнавання.
Фота: pressmvd / Telegram

Сілавікі затрымалі двух вядоўцаў святочных мерапрыемстваў – берасцейца Віктара Стэльмаха і менчука Паўла Пашкевіча. Павел Пашкевіч на «пакаяльным відэа», што прымаў удзел у пратэстах, фатаграфаваўся з БЧБ-сімволікай на дарозе ў Менску, дасылаў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю аб перамяшчэнні сілавікоў і мае на руцэ татуіроўку «Жыве Беларусь».  Віктар Стэльмаха затрымалі за тое, што ён у Instagram «не выдаліў адзнаку свайго профілю ў акаўнце, які зʼяўляецца экстрэмісцкім». Таксама мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

У Магілёве затрымалі футбольнага фаната за татуіроўку «ACAB», якую ён прадэманстраваў у TikTok. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што ён арыштаваны на 15 содняў. На «пакаянным» відэа ён абяцаў «экстрэмісцкую» татуіроўку выдаліць.

Паводле ПЦ «Вясна», 31 траўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва распачаўся судовы працэс у дачыненні да 35-гадовага Паўла Белаголава, які ўжо адбыў тэрмін па «справе Зельцэра». Яго абвінавачваюць у «паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Суд вядзе Таццяна Рахманенка.

У Менскім абласным судзе 6 чэрвеня распачнецца суд над Рыко Крыегерам, імаверна, грамадзянінам Нямеччыны. Яго абвінавачваюць адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, у тым ліку ў «найміцтве» (арт. 133), «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1) і «акце тэрарызму» (ч. 3 арт. 289).

Падкантрольныя спецслужбам Telegram-каналы распавялі, што ў Гомлі затрыманы мужчына, які меў падпіскі на «экстрэмісцкія» суполкі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Яго вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).

Рэдактара рэгіянальнага онлайн-выдання «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава прызналі вінаватым паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП. Суд Першамайскага раёна Віцебску разглядаў справу ў адсутнасць адказчыка – у лістападзе 2020 года Корнышаў вымушана з’ехаў з Беларусі. Рэдактара аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (800 BYN), паведамляе БАЖ.

31 траўня ў Менскім абласным судзе распачаўся завочны працэс у «справе аналітыкаў Ціханоўскай». У ёй праходзяць 20 чалавек, сярод якіх – незалежныя аналітыкі, даследнікі, журналісты, прадстаўнікі Офісу беларускай лідаркі.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 чалавек, у тым ліку журналіста Андрэя Толчына. Цяпер у спісе 4119 прозвішчаў.

Hавiны
У Следчым камітэце распавялі пра маштабы палітычных рэпрэсіяў у Беларусі
2024.05.31 17:37

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў