Калі ты ступіў на поле, ты ўжо чэмпіён


Наведалі сталіцу польскага балотнага футболу, каб даведацца, што гэта за спорт і ў чым яго хараство.

Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

У вёску Карыцін, блізу Беластоку, ужо восем гадоў прыязджаюць найлепшыя дружыны з усёй Польшчы, каб разыграць «Błotna Champions League», або адкрыты кубак Падляшша. Але мы будзем сёння не пра галы, хвіліны і рэкорды, а хутчэй пра атмасферу. Ну безумоўна, нельга не адзначыць, што гэтым разам на турнір прыехалі ажно двацацць пяць камандаў, і пяць з іх – жаночыя. А дзве маюць наўпроставае дачыненне да Беларусі, гэта «Błotni Ludzie Pogranicza» і «Królowe Błota». За першую гуляюць беларусы, украінцы, палякі і літоўцы, а другая – супольная каманда дзяўчат з Польшчы і Беларусі.

– Мы рэпрэзентуем клуб жанчын, які працуе пры фондзе «Вакно на Усход», у балотны футбол мы гуляем ужо чатыры гады і гэта наш любімы спорт. Мы ўвесь час усміхаемся, мы такія цудоўныя, любім людзей і паганяць мяч па балоце, – кажа «Белсату» Дыяна, удзельніца каманды «Królowe Błota».

Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат
Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат
Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат
Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Гульня дзяўчат збірае побач шмат публікі, гэта выклікае ўвагу пажарнікаў, якія пачынаюць ліць на поле тоны вады, на балоце ад вады і сонца зʼяўляецца вясёлка, побач за мячом бегаюць дзяўчаты ўсе ў гразі – і гэта здаецца вельмі прыгожым. Гразь цягне ўніз, бегчы фактычны немагчыма, нават калі ты дапіхала мяч амаль да лініі брамы, прабіць не застаецца сілаў, а яны трэба, каб яшчэ дабегчы на змену. Некаторыя такія стомленыя, што выпаўзаюць з поля наверх як кракадзілы, літаральны жыватом па гразі.

– Вельмі цяжкае балота, забірае ўсе сілы, але гэта файна, гэта актыўна, гэта нешта незвычайнае, – цяжка дыхаючы, кажа Павел, які рэпрэзентуе каманду з Беластоку. Дзесяць секундаў таму гэты гулец запоўз з поля наверх, каб крыху прыйсці ў сябе.

Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Капітан мужчынскай каманды «Błotni Ludzie Pogranicza» Павел Міцкевіч нырае ў бітву з галавой, праз некалькі секундаў на целе мужчыны не застаецца чыстага месца.

– За нашую каманду гуляюць беларусы, украінцы, палякі і літоўцы, які жывуць у Беластоку. Я сам з Горадні, але ў Беларусі не гуляў, а тут паспрабаваў. Балотны футбол – гэта такая гульня, якая дае магчымасць разрадзіцца, не абавязкова быць прафесійным футбалістам, каб гуляць. А яшчэ гэта дысцыпліна вельмі добра дапамагае інтэгравацца. Самае цяжкае ў гэтай гульні – берагчы свае сілы, бо бегаць у балоце вельмі цяжка. Таму вельмі важна мець добрую каманду, якая цябе разумее і робіць замены. У астатнім жыцці я працую ў фундацыі «Вакно на Усход», што дапамагае беларусам, які прыязджаюць у Беласток, адаптавацца, стаць на ногі і жыць у новай краіне, – кажа «Белсату» Павел.

– Разыграем восьмы турнір балотнай Лігі чэмпіёнаў. Самыя вялікія ў Еўропе спаборніцтвы па балотным футболе. Гэта адзін з самых экстрэмальных, забаўных, але і самы брудны футбол у свеце. Цяпер да нас прыехалі каля 300 гульцоў не толькі з Польшчы, але з Беларусі, Літвы, Украіны і Ганы. Балотны футбол правіламі вельмі падобны да звычайнага футболу. Зразумела, ёсць некалькі адрозненняў, адная з іх вельмі істотная: калі страціў абутак, то мусіш пакінуць поле, – кажа Мацей Рант, арганізатар турніру.

Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Таму пераважная большасць гульцоў выкарыстоўвае скотч. І тут цікавую гісторыю нам распавядае адзін з гульцоў, які браў удзел у спаборніцтвах па балотным футболе ў мінулым сезоне:

– Што гэта за гульня, даведаўся за месяцаў да старту, нават не трэнаваўся. Купіў новыя красоўкі, выйшаў на поле, і тут нага патанула ў балоце, дастаў яе – але красовак я так і не знайшоў, – кажа наш суразмоўца.

Скотч на спаборніцтвах размяшчаецца вакол поля, тут без яго нельга. Спартоўцы старанна абматаюць ім свой абутак.

Мацей адзначае, што калі не пакінуць поле пасля таго, як згубіў абутак, то можна атрымаць сурʼёзную траўму.

На поле выходзяць пяцёра палявых і брамнік, мяняюцца, як у хакеі. А яшчэ галоўнае для балотнага гульца ў мяч – добра бавіць час, дастаўляць сабе і гледачам вялікую радасць. Калі ты ступіў на поле, ты ўжо – чэмпіён, – кажа Рант.

Калі каманда прыходзіць на гульню, не маючы вялікай лавы запасных, ёй прыйдзецца цяжка, бо балота забірае амаль усе сілы. Частыя замены – адзін з варыянтаў, як можна вытрымаць гэтую гульню.

Адкрыты Кубак Падляшша па балотнаму футболу. Карыцін, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

– Вельмі цяжка гуляць у гэтым балоце, але мы змагаемся, прагнем выйсці з групы. Канешне, любы спартовец адчувае сябе на першым месцы максімальна добра. Я гуляю ў балотны футбол для забавы і таму, што з калегамі, сябрамі і знаёмымі з майго гораду файна прыехаць у іншыя месцы і гуляць. У жыцці я звычайны шэры працаўнік, – кажа Матэўш Ханеўскі з каманды «Coco Jamboo Czeremcha».

Як жартуюць гульцы ў балотны футбол, да іх часта падыходзяць людзі і пытаюць, які ўнікальны спа-салон яны наведалі. Дзе ўзяць такі эфект гладкай, як аксаміт, скуры? І яны маюць адказ – няма нічога лепшага за карыцінскую гразь.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў