Памёр казахстанскі апазіцыйны журналіст, на якога здзейснілі замах у Кіеве


Казахстанскі апазіцыйны журналіст, блогер і актывіст Айдос Садыкаў памёр у кіеўскай лякарні праз 13 дзён пасля ўзброенага нападу на яго. Пра гэта паведаміла ў Facebook ягоная жонка.

Актывіст Айдос Садыкаў.
Фота: радыё «Свабода»

«Айдос аддаў сваё жыццё за Казахстан, прыняў пакутніцкую смерць ад рукі кілераў. Трынаццаць дзён Айдос змагаўся за жыццё ў рэанімацыі, але цуду не здарылася. Ягоная смерць на сумленні Такаева», – заявіла ўдава, журналістка Наталля Садыкава.

Замах на Айдоса Садыкава быў здзейснены 18 чэрвеня ў Шаўчэнкаўскім раёне Кіева: невядомы стрэліў у апазіцыйнага журналіста, калі той быў у аўтамабілі. Садыкаў з цяжкімі раненнем трапіў у рэанімацыю.

У Офісе генеральнага пракурора Украіны паведамілі, што праз смерць казахстанскага журналіста следчыя змянілі кваліфікацыю злачынства. Цяпер падазраваных абвінавачваюць у заказным наўмысным забойстве, учыненым групай асобаў (п.п. 11, 12 ч. 2 арт. 115 Крымінальнага кодэксу Украіны).

Паводле звестак следства, да забойства датычныя двое грамадзянаў Казахстану. Пасля замаху яны паспелі ўцячы праз мяжу з Малдовай. Адзін з іх пазней быў затрыманы ў Казахстане, нібыта пасля таго, як ён сам звярнуўся ў органы ўнутраных справаў.

Hавiны
Актывіст Айдос Садыкаў аб сітуацыі ў Казахстане: «Усе чакаюць, што на гэты раз атрымаецца змяніць рэжым»
2022.01.05 21:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў