Падчас візіту ў Кіеў Орбан прапанаваў Зяленскаму спыніць агонь


Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан 2 чэрвеня нечакана наведаў Кіеў і правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Як высветлілася, ён прапанаваў спыніць агонь на цяперашняй лініі судакранання.

Віктар Орбан і Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 2 чэрвеня 2024 году.
Фота: president.gov.ua

Як паведамляе «Європейська правда», у заяве для прэсы пасля заканчэння перамоваў 2 ліпеня прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан прызнаў, што прапаноўваў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму неадкладнае спыненне агню на той лініі судакранання з расейскімі войскамі, якая ёсць цяпер.

Орбан падкрэсліў, што не з’яўляецца праціўнікам украінскіх планаў завяршэння вайны, але лічыць іх занадта доўгімі ў рэалізацыі.

«Я распавёў спадару прэзідэнту, што яго ініцыятывы патрабуюць шмат часу з-за правілаў міжнароднай дыпламатыі. Таму я папрасіў спадара прэзідэнта падумаць аб тым, ці нельга паступіць крыху інакш: спыніць агонь, а затым весці перамовы з Расеяй, бо спыненне агню паскорыла б тэмпы гэтых перамоваў», – сказаў Орбан.

Зрэшты, Віктар Орбан падкрэсліў, што не настойваў на сваёй ініцыятыве і ўспрыняў украінскія аргументы.

Зяленскі ў сваёй заяве для прэсы пазбег гэтага пытання, аднак ён адзначыў, што Вугоршчына падтрымала мірныя ініцыятывы Украіны на саміце ў Швейцарыі.

Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Ігар Жоўква ў эфіры нацыянальнага тэлемарафону заявіў, што Вугоршчына – гэта не першая краіна, якая выступіла з падобнай прапановай.

«Прэзідэнт Украіны выслухаў свайго суразмоўцу, але ў адказ выклаў сваю пазіцыю, якая зʼяўляецца выразнай, зразумелай і вядомай. Украіна сапраўды хоча міру, і мы маем для гэтага інструмент – Украіна правяла першы саміт міру і рыхтуецца да другога», – цытуе Жоўкву «Укрінформ».

Паводле прадстаўніка Офісу прэзідэнта, калі Расея не будзе размаўляць мовай ультыматумаў, то падчас другога саміту яе прадстаўнікі змогуць прысутнічаць у тым ці іншым парадку.

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 20:40

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў