Латушка падтрымаў ідэю Польшчы закрыць усе пераходы на мяжы з Беларуссю. Але толькі грузавыя


Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў заяву міністра замежных справаў Польшчы, які не выключыў закрыццё ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Латушка адзначыў, што важна захаваць для беларусаў магчымасць ездзіць у ЕЗ.

Старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і дэлегат Каардынацыйнай рады Павел Латушка падтрымаў ідэю закрыць усе грузавыя пераходы на беларуска-польскай мяжы. На ягоную думку, гэта можа паспрыяць таму, што Лукашэнка «спыніць суўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў, вызваліць палітвязняў, спыніць гібрыдную вайну з выкарыстаннем мігрантаў».

«Адначасова мы выступаем за тое, каб працягвалі дзеяць пасажырскія пункты пропуску для грамадзянаў Беларусі дзеля таго, каб захаваць магчымасць камунікацыі беларусаў з ЕЗ», – адзначыў Латушка.

Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Раней міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі не выключыў закрыцця ўсіх пераходаў на мяжы з Беларуссю:

«Мы зараз вывучаем, якія наступствы гэта будзе мець для нашай эканомікі, каб менавіта Лукашэнка адчуў наступствы, а не мы».

Дыпламат сказаў так у эфіры тэлеканалу TVN24 у адказ на пытанне, якія захады можа прыняць Польшча ў адказ на ціск нерэгулярных мігрантаў.

Паводле Сікорскага, сітуацыя з мігрантамі з боку Беларусі «цалкам кантралюецца расейскімі і беларускімі службамі».

Hавiны
Польшча разглядае магчымасць закрыцця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю
2024.06.23 00:41

«Шакуе тое, што гэтыя людзі атрымоўваюць інструкцыі ад афіцэраў беларускай дзяржавы, як зарэзаць польскага жаўнера, польскага памежніка. Гэта цалкам непрымальна», – падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Ён пры гэтым не ўдакладніў, якія пункты пропуску Польшча можа закрыць, пасажырскія ці грузавыя, аднак згадаў досвед Фінляндыі, калі нерэгулярныя мігранты пачалі ехаць туды з тэрыторыі Расеі:

«Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй, і ўсё скончылася».

Цяпер на беларуска-польскай мяжы застаюцца адкрытымі толькі два аўтадарожных пункты пропуску ў Берасці: пасажырскі «Варшаўскі мост – Тэрэспаль» і грузавы «Казловічы – Кукурыкі». Пры гэтым паміж краінамі захоўваецца грузавое чыгуначнае спалучэнне, хаця пасажырскія цягнікі не ходзяць з 2020 года.

Аналітыка
Расея тэстуе польскую мяжу? Чаму мігранты сталі ўсё часцей атакаваць памежнікаў Польшчы
2024.06.06 09:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў