Злучаныя Штаты Амерыкі ды Еўрапейскі Звяз папярэдне дамовіліся пра новыя санкцыі ў дачыненні да дзейных уладаў Беларусі.
Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША ўхваліла законапраект «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі». Дакумент прадставіў кангрэсмен Крыс Сміт, які быў адным з аўтараў актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.
Законапраектам пашыраюцца «паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША да ўвядзення новых санкцыяў» у сувязі з выбарамі 2020 года Беларусі. Ён зможа «ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з’яўляецца членам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці які ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, або прадстаўніка Саюзнай дзяржавы, або расейскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека датычна палітычных рэпрэсіяў у Беларусі».
Акрамя таго, абноўлены «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»:
Ініцыятыва павінна атрымаць адабрэнне сенату, пасля чаго паступіць на подпіс прэзідэнту ЗША.
А міністры замежных справаў 27 краін Еўразвязу дамовіліся падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць уладаў і ўстаноў Беларусі, заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль на прэс-канферэнцыі па выніках анлайн-сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін супольнасці.
«Сёння мы дамовіліся пачаць падрыхтоўку новага раунда санкцыяў у адказ на гвалт уладаў і з мэтай падтрымкі беларускага народа. Гэтыя санкцыі будуць уведзеныя не толькі супраць фізічных асоб, але і супраць [дзяржаўных] структур, кампаніяў і прадпрымальнікаў», – сказаў ён, піша ТАСС.
Паводле яго, ЕЗ больш не вылучыць ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі, усе сродкі для Беларусі пойдуць грамадзянскай супольнасці.
Як паведамляе Reuters са спасылкай на двух еўрапейскіх дыпламатаў, новыя
абмежавальныя меры падрыхтуюць на працягу наступных некалькіх тыдняў. Яны закрануць у тым ліку структуры, якія, паводле крыніц, фінансуюць Лукашэнку. Пра якія менавіта кампаніях ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
Раней Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і 54-х высокапастаўленых чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і ЦВК. Абмежаванні ўключаюць забарону на ўезд у Еўразвяз і замарозку наяўных у межах юрысдыкцыі актываў.
МГ belsat.eu