Еўрапейскія краіны працягваюць паслабляць каранцін. Пасля дзіцячых садкоў адчыняюцца гатэлі, музеі, бібліятэкі, гандлёвыя цэнтры, неўзабаве пачнуць працаваць і рэстараны. Што праўда, забяспечыўшы сацыяльную дыстанцыю для наведнікаў. Чэхія стала першай краінай Еўразвязу, якая прыняла рашэнне адкрыць межы, каб грамадзяне маглі выязджаць на адпачынак. Беларусь межаў ні з кім не закрывала. Ці гэта азначае, што беларусы змогуць летам адпачываць за мяжой?
Каментуе Святлана Якімава, дырэктарка бюро падарожжаў «Дон Кіхот», Горадня:
«З цікавых нам курортаў Туніс, Турцыя, Егіпет кажуць пра тое, што дзесьці з ліпеня пачнецца нармальная праца, яна будзе скарэктаваная пад умовы каронавіруса. Будуць сертыфікаты бяспекі ў гатэлях».
З 4 траўня ў Польшчы, a з 11 траўня ў Іспаніі пачнуць працу гатэлі, што праўда, толькі для тых кліентаў, якія ўжо цяпер у гэтых краінах. У той жа Іспаніі паступовы выхад з каранціну зойме ўвесь травень і чэрвень.
Распавядае Павел Кірылёнак, турыстычны гід у Барсэлоне, Іспанія:
«Усе гэтыя 8 тыдняў людзям нельга будзе вандраваць. Розныя правінцыі і рэгіёны будуць дазваляць падарожжы толькі ў межах гэтых правінцыяў і рэгіёнаў».
У такой ізаляцыі застаюцца іспанскія Канарскія выспы, якія не першы год папулярныя і сярод беларускіх турыстаў. Пакуль займацца сёрфінгам на Канарах дазволілі жыхарам выспаў, але з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі на хвалі – 4 м.
Крысціна Жукава, дырэктарка школы сёрфінгу «Tenerife Surf Point» (Канарскія выспы, Іспанія), мяркуе:
«У ліпені пачнецца нейкая камунікацыя паміж выспамі і мацерыком. Наконт інтэрнацыянальнага турызму – пакуль не абяцаюць, даты не называюць. Самыя аптымістычныя прагнозы, што пачынаючы з верасня асцярожна будуць патрохі дазваляць міжнародны турызм».
Калі нават межы пачнуць адкрываць, то ці для беларусаў? Бо каранціну ў нашай краіне так і не ўвялі. Турыстычныя дзяржавы могуць баяцца, што каронавірус прыляціць да іх з Беларусі.
Традыцыйна для летняга адпачынку беларусы абіраюць і чарнаморскія пляжы Украіны ды Грузіі. Апошняя летась паспяхова раскруціла кампанію «Правядзі свае лета ў Грузіі», чым кампенсавала адсутнасць турыстаў з Расеі. Але што цяпер?
Каментуе Гіёргі Габэдава, дырэктар «M-Tourism Group International», Грузія:
«Факт, што ўнутраны турызм становіцца папулярны. Але ён не заменіць неабходных паступленняў ад замежных турыстаў. Урад робіць пэўныя крокі для малога і сярэдняга бізнесу, які задзейнічаны ў турыстычнай сферы, скасоўвае падаткі на наступныя чатыры месяцы, а таксама дапамагае сплачваць малым фірмам крэдыты ў гэты перыяд».
Пра такія крокі з боку ўладаў беларускі турыстычны бізнес можа толькі марыць. А пакуль турагенты ў стане запрапанаваць свайму кліенту перанос паездкі на іншы час, бо не кожны аператар вяртае ўкладзеныя кліентам грошы.
Гаворыць Святлана Якімава, дырэктарка агенцтва падарожжаў «Дон Кіхот», Горадня:
«Я ўпэўненая, што большасць турыстычных кампаніяў закрыецца. Калі гэта да ліпеня нейкім чынам выправіцца, то ёсць шанец. Калі песімістычныя прагнозы распавядаюць пра гады, то сітуацыя вельмі складаная. Больш за тое, у нас няма заканадаўчай базы пад гэтую сітуацыю».
Так сталася з Аляксандрам Апрышчанкам, які з крэсла кіраўніка турыстычнай кампаніі ў Кіеве перасеў на месца кіроўцы таксі.
Распавядае Аляксандр Апрышчанка, таксіст, кіраўнік турыстычнай кампаніі «Free Tours Kiev»:
«Мне трэба нешта есці, неяк карміць дзяцей. Здабываць сродкі для існавання. Я доўга не сядзеў, узяў у арэнду машыну, і цяпер я – кіроўца таксі».
Праз адсутнасць замежных турыстаў турыстычная кампанія Аляксандра Апрышчанкі з 10-гадовым стажам часова спыніла сваю дзейнасць.
«Апошнюю экскурсію я правёў для немцаў. Гэта былі смелыя маладыя людзі, яны прыехалі сюды, калі ўжо пачалася гэтая бязглуздзіца з каронавірусам», – працягвае Аляксандр Апрышчанка.
У турыстычнай сферы Украіны працуе больш за 1 млн чалавек. Калі яна сёлета не запрацуе, то шмат якія гатэлі і турфірмы чакае банкруцтва. Некаторыя не вытрымаюць нават у выпадку, калі сезон пачнецца ў ліпені.
Каментуе Аляксандр Ліеў, старшыня праўлення Асацыяцыі індустрыі гасціннасці Украіны:
«Мы плануем правесці форум з калегамі з Беларусі і Малдовы напрыканцы траўня і абмеркаваць дарожную карту, што мы можам зрабіць, каб стымуляваць вандроўкі з нашых краінаў. Мы перакананыя, што калі адкрыецца мяжа з Беларуссю, мы будзем прымаць адтуль турыстычныя плыні».
Пачала аслабляць каранцін балканская краіна Боснія і Герцагавіна, і там адразу зафіксавалі скачок выпадкаў захворвання на каронавірус. Відавочна, што паслабляць каранцін у Еўропе будуць, але, калі сітуацыя пачне пагаршацца, прыйдзецца яго зноў узмацняць.
Наста Ільіна, belsat.eu
Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 01.05.2020
Іншыя тэмы выдання: