Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала заявіў у інтэрв’ю «СБ-Беларусь сегодня» пра істотны рост карупцыйных злачынстваў.
«Калі ўзяць, да прыкладу, атрыманне хабару дзяржслужбоўцамі, то такіх злачынстваў за апошнія тры гады стала амаль удвая больш. І тут ёсць небяспечныя тэндэнцыі, якія да канца не ўлічваюцца.
Мае калегі часта звязваюць гэты рост з актывізацыяй працы па выяўленні такіх выпадкаў. Можа, і так, аднак я бачу і недастатковасць прафілактыкі, немагчымасць высветліць прычыны негатыўнай зʼявы і знайсці той комплекс захадаў, які спыніць рост такіх злачынстваў, саму ідэю карумпаванасці, у першую чаргу чыноўнікаў», – падкрэсліў старшыня Вярхоўнага суда.
Сукала лічыць, што неабходна праводзіць крыміналагічныя даследаванні на гэты конт.
«Магчыма, справа ў псіхалогіі… То бок праблему трэба даследаваць, і тут юрыдычная навука ў абавязку перад намі. Недапрацоўваем і ў інфармацыйным плане. Гэтая праблематыка павінна асвятляцца кваліфікавана, а часта ў СМІ і сацсетках тэма гучыць не асуджальна, а паблажліва і з жалем. Але ж чалавек разумеў, што здзяйсняе крымінальна каральнае дзеянне», – заўважыў ён.
Сукала таксама распавёў пра карупцыю ў судзейскім корпусе:
«За апошнія 5 гадоў у нас асуджаныя 4 чалавекі. Гэта адзінкавыя выпадкі, але яны ёсць. Так, у нас шмат спосабаў кантролю і яны, паверце, жорсткія, але, на жаль, цалкам пазбегнуць інцыдэнтаў не ўдаецца. Мы ўсё робім для таго, каб мінімізаваць іх».
ІІ belsat.eu