Усе аператары мабільнай сувязі Беларусі падтрымалі медработнікаў, якія цяпер занятыя барацьбою з COVID-19. Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Так, аператар life:) ужо налічвае ўсім беларускім медыкам, абанентам любога тарыфнага плану кампаніі, безлімітныя званкі ва ўсе сеткі і інтэрнэт-трафік, які не абмежаваны па хуткасці і які можна раздаваць на іншыя прылады.
А1 раздасць безліміт сувязі і 500 бясплатных рабочых смартфонаў. Першыя смартфоны будуць перададзеныя 21 красавіка. Раней аператар зрабіў бясплатнымі званкі на гарачыя лініі адносна прафілактыкі COVID-19 і перадаў дапамогу Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай больніцы.
МТС таксама плануе надаць безлімітны інтэрнэт і 3000 хвілін ва ўсе сеткі краіны для медыкаў на карпаратыўных планах. Дадатковыя бонусы працягнуцца з траўня і да канца лета. Таксама кампанія плануе перадаць медыкам 100 планшэтаў.
Міністэрства аховы здароўя дзякуе мабільным аператарам за дапамогу, бо «такія ініцыятывы адыгрываюць важную ролю ва ўмовах змагання з каронавіруснай інфекцыяй».
МГ belsat.eu