Уначы з 30 на 31 траўня ў выніку атакі беспілотнікаў у Расеі, у Тэмрукскім раёне Краснадарскага краю адбыўся моцны пажар на нафтабазе. Згарэлі тры цыстэрны з нафтапрадуктамі.
Пра атаку паведаміў губернатар краю Веньямін Кандрацьеў. З ягоных словаў, атаку дронаў ноччу адбівалі адразу ў некалькіх муніцыпалітэтах рэгіёну. У Новарасійску вядуць абследаванне тэрыторыі і пошук збітых апаратаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, разбурэнняў і пацярпелых няма.
У Тэмрукскім раёне была пашкоджаная нафтабаза – згарэлі тры цыстэрны з нафтапрадуктамі. Пажару надалі высокую катэгорыю складанасці. Пацярпелі два працаўнікі нафтабазы, ім аказалі медычную дапамогу.
Раніцай з’явіліся паведамленні пра беспілотнікі і паветраную трывогу ў Казані. У мясцовым аэрапорце быў уведзены план «Дыван», былі затрыманыя некалькі рэйсаў на вылет і прылёт. На пэўны час былі ўведзеныя абмежаванні ў аэрапорце Ніжнекамску.
Адзін беспілотнік быў збіты ў Атнінскім раёне Татарстану. Са словаў відавочцаў, ён ляцеў у бок заводу «Аргсінтэз». Сігнал трывогі прагучаў на некалькіх заводах рэгіёну.
Два тыдні таму, 13 траўня, беспілотнікі СБУ ноччу паразілі два аб’екты ў Ліпецкай і Белгародскай вобласцях РФ: нафтабазу паблізу гораду Стары Аскол і падстанцыю «Ялецкая».
12 траўня кіраўнік Валгаградскай вобласці Расеі паведаміў пра выбух і пажар на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. За той тыдзень гэта было трэцяе прадпрыемства, атакаванае беспілотнікамі.
Таксама раней беспілотнікі атакавалі нафтазаводы ў Калужскай вобласці Расеі і Башкартастане.
Атакі на расейскія НПЗ узмацніліся з пачатку вясны. Украіна афіцыйна не прызнае датычнасці да ўдараў, але крыніцы ў ГУР Мінабароны кажуць, што мэта гэтых аперацыяў – «змяншэнне эканамічнага патэнцыялу Расеі».
У канцы красавіка была атакаваная нафтабаза ў Смаленскай вобласці, гэты ўдар Украіны мог быць спробаю парушыць нафтавую лагістыку паміж Беларуссю і Расеяй, зазначаў вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.
Марыя Міхалевіч belsat.eu