Праблемы з чэргамі на межах Беларусі не развязваюцца: на дзень 31 траўня з’явіліся новыя праблемы. «Белсат» глядзіць статыстыку памежнікаў і паведамленні ў чатах беларусаў.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на сярэдзіну 31 траўня публікуе наступныя лічбы чэргаў на выезд з Беларусі.
Паводле звестак літоўскіх памежнікаў (PDF), чэргі на раніцу 31 траўня былі наступныя.
Апошні лічыльнік, імаверна, не працуе, як і ў мінулыя дні. Гэтак, на фота з «Шальчынінкаю» ў адным з чатаў відаць даўжэзная чарга ў зоне чакання.
У чаце пра «Грыгароўшчыну» пішуць, што чарга легкавікоў з Латвіі ў Беларусь – каля сотні машынаў, у чарзе можна прастаяць больш за 12 гадзінаў. Адзін карыстальнік тлумачыць: «Усе пішуць, што хутчэй прапускаюць, вось усе туды і едуць». З Беларусі ў Латвію чаргі легкавікоў практычна няма, праход мяжы займае 2,5 гадзіны.
У чаце пра «Каменны Лог» расказваюць, што праход мяжы з Літвы ў Беларусь аўтобусам займае 3,5 гадзіны, калі пашанцуе, і 7 гадзінаў, калі не пашанцуе. Праграма літоўскіх памежнікаў для правярання візаў тыпу С усё яшчэ завісае. Чарга з Літвы ў Беларусь крыху меншая за 3 км. З Беларусі ў Літву машынаю прагназуюць час чакання больш за 20 гадзінаў, адзін з карыстальнікаў правёў на мяжы 64 гадзіны, яшчэ адзін – 70.
У чаце пра «Беняконі» паведамляюць, што аўтобусам з Беларусі ў Літву прайшлі мяжу за 4 гадзіны, з Літвы ў Беларусь – за 2 гадзіны. На праходжанне мяжы з Літвы ў Беларусь машынаю раяць закладваць як мінімум 24 гадзіны. За мінулы дзень праз літоўскую мяжу прапусцілі 187 машынаў, у зоне чакання – 97 машынаў, але прынамсі няма чаргі да зоны чакання.
У чаце пра «Берасце» пішуць, што аўтобусам з Беларусі ў Польшчу праходзілі мяжу за 11–12 гадзінаў, назад – 4–7 гадзінаў (магчымае чаканне пасажыраў з допыту лукашэнкаўскімі сілавікамі). Перад мяжою па беларускі бок сапраўды выстраілася вялікая чарга з амаль сямі дзясяткаў аўтобусаў, але яны амаль усе пустыя. За мінулы дзень з «Берасця» выпусцілі 440 машынаў, цяпер у зоне чакання каля сотні легкавікоў і больш за 170 – у чарзе да зоны чакання. З Польшчы на Беларусь чаргі няма, а на чаргу з Беларусі ў Польшчу «глядзець страшна». Машынаю з Польшчы ў Беларусь адзін карыстальнік прайшоў мяжу за 7,5 гадзіны: «Палякі – хутка, беларусы – павольна». Другі – за 16, трэці – за 19,5 гадзіны.
З чым звязаныя праблемы па беларускі бок мяжы з Польшчаю, невядома. Беларускі памежны камітэт прызнае наяўнасць чаргі, але намякае, што вінаваты польскі бок, які нібыта прапускае менш за 40 % машынаў ад нормы.
«Белсат» паспрабаваў атрымаць каментар ад літоўскага боку аб прычынах вялікіх чэргаў на мяжы. Атрымаў адказ, што праблемы няма.
Алесь Наваборскі belsat.eu