Каліноўцы і рэйкавыя партызаны. Каго яшчэ мог бы вызваліць Кіеў з турмаў?


28 чэрвеня стала вядома пра вяртанне на радзіму пяцёх грамадзянаў Украіны, якіх вызвалілі ў Беларусі. Сярод іх быў Мікалай Швец, абвінавачаны ў датычнасці да дыверсіі ў Мачулішчах, – гісторыі, на якую вельмі эмацыйна рэагаваў Лукашэнка. Чаму ён пагадзіўся адпусціць украінскіх палітвязняў і ці дапаможа Кіеў, які выцягнуў сваіх людзей з беларускіх турмаў, вызваліць палітвязняў-беларусаў?

Грамадзяне Украіны, якіх вызвалілі ў Беларусі, падчас сустрэчы ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны». Злева направа – Кацярына Бруханава, Людміла Ганчарэнка, Павел Купрыенка, Наталля Захаранка, Мікалай Швец. Кіеў, Украіна. 28 чэрвеня 2024 года.
Фота: dmytro_lubinetzs / Telegram

«Удалося вярнуць з расейскага палону яшчэ дзесяцёх нашых людзей», – паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, хаця пяцёра з іх былі ў беларускіх турмах: Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і Мікалай Швец.

Захаранка была асуджаная на 9 гадоў за нібыта «шпіянаж на карысць Украіны», Купрыенка – на 7 гадоў за «за агентурную дзейнасць», паводле гэтага ж абвінавачання зняволілі Ганчарэнку (прысуд невядомы), Бруханава адбывала тэрмін 2,5 года калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», суд палічыў злачынствам перадаванне выданню «Зеркало» відэа з расейскай вайсковай тэхнікай каля Менску.

Швец, бадай, самая вядомая асоба з тых, хто цяпер на волі. Яго назвалі «агентам СБУ» і абвінавацілі ў датычнасці да падрыву расейскага самалёта-лакатара А-50 у Мачулішчах. Лукашэнка тады быў раз’юшаны, назваў Зяленскага «гнідаю», бо, на ягоную думку, «такія аперацыі не праводзяцца без узгаднення з кіраўніком краіны і галоўнакамандуючым».

Калі Швец быў у СІЗА КДБ, беларуская і расейская прапаганда распаўсюдзіла ягоны зварот да прэзідэнта Зяленскага. Мужчына казаў, што «коштам уласнага жыцця да канца выканаў заданне ўкраінскай дзяржавы – пашкодзіў расейскі самалёт», і цяпер яму пагражае смяротнае пакаранне:

«Будзьце мужнымі. Я ўсё, што ад мяне патрабавалася, зрабіў. Цяпер вашая чарга. Я прашу не шмат – гэта выкананне абавязкаў прэзідэнта і вызваленне мяне адсюль».

Мікалай Швец таксама наракаў, што ў следчым ізалятары яго ніхто з украінскай амбасады не наведваў, таму ён зрабіў выснову, што «ўлады ад мяне адмовіліся».

Разбор
Абвінавачаны ў дыверсіі ў Мачулішчах папрасіў дапамогі ў Зяленскага. Ці стане рэагаваць Украіна?
2023.05.23 19:57

Украінскі каардынацыйны штаб, які займаецца праблемаю ваеннапалонных, удакладніў, што вяртаннем дзесяцёх асобаў 28 чэрвеня завяршыўся пяцьдзясят трэці абмен палоннымі з Расеяй. У выніку гэтага абмену Кіеў вызваліў грамадзяніна Беларусі Андрэя Герыловіча, які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр» і быў асуджаны на 9 гадоў за найміцтва. «Кейсам Герыловіча» можна было б растлумачыць вызваленне ўкраінцаў у Беларусі.

Аднак эксперт у міжнародных стасунках, колішні прадстаўнік Пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі схіляецца да думкі, што з Лукашэнкам перамоваў на гэты конт ніхто не вёў, Кіеў і Масква дамаўляліся паміж сабою праз пасярэднікаў (у гэтым выпадку былі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Ватыкан), а Лукашэнка проста выканаў загад Крамля.

«Паміж Расеяй і Украінай трывае ўзаемадзеянне ў пытаннях вызвалення ваеннапалонных, то бок працуюць гэтыя алгарытмы даўно і досыць эфектыўна. Мы можам толькі здагадвацца, наколькі гэта складаная праца, але мы бачым вынікі. Калі казаць пра тое, што здарылася ў Мачулішчах, то найперш тут пацярпелі расейскія інтарэсы, была знішчаная важная тэхніка, таму без згоды ці загаду Расеі нікога не выпусцілі б», – сказаў дыпламат «Белсату».

Ён адзначыў, што гісторыя вызвалення «тэрарыста» Швяца паказала «адсутнасць суб’ектнасці Лукашэнкі»:

«Для ўкраінцаў было прынцыпова – вызваліць гэтую асобу. Мы ведаем, што рэжым прынцыповы і настойлівы да таго моманту, пакуль не паступаюць інструкцыі з Крамля. Лукашэнка зноў дэманструе адсутнасць суб’ектнасці, суверэнітэту, тое, што расейскі бок можа дыктаваць, якія мусяць быць канкрэтныя дзеянні. Гэта таксама тлумачыць такое глухое маўчанне з боку прапаганды, з боку лукашэнкаўскіх медыяў, яны ніякім чынам не каментуюць гэтую падзею».

Кавалеўскі сказаў, што рэжым наўрад ці атрымаў за вызваленне ўкраінцаў нейкія бонусы, а калі і атрымаў, то толькі ад Масквы, а не ад Кіева:

«Мы не можам да канца ведаць гэтага, думаю, толькі з часам, калі пашчасціць, даведаемся, як адбывалася гэтая аперацыя, на якіх умовах вызваляліся, але калі і былі саступкі, то, я думаю, саступкі і нейкія дамоўленасці былі з расейскага боку, але не з украінскага».

Суразмоўца «Белсату» пры гэтым не чакае, што Украіна, якая дамаглася вызвалення з беларускіх турмаў сваіх грамадзянаў, стане пасярэдніцаю ў справе выратавання палітвязняў-беларусаў:

«Прыярытэт для Украіны – вызваленне сваіх ваеннапалонных, сваіх грамадзянаў. Памятаем таксама, што праца ў вызваленні ваеннапалонных падчас вайны – вельмі-вельмі працаёмкая, вельмі тонкая, вельмі складаная, яна патрабуе асобных рэсурсаў, і Украіна гэтыя рэсурсы накіроўвае менавіта на вызваленне сваіх грамадзянаў. Не думаю, што на сённяшні дзень рэалістычна чакаць, што Украіна зможа перадаваць такія рэсурсы на беларускіх палітвязняў».

Агулам, паводле Кавалеўскага, пакуль перамовы аб вызваленні палітвязняў можна весці толькі праз пасярэднікаў – пра іншыя варыянты сёння разважаць не выпадае. Хто б мог дапамагчы ў гэтай справе, дыпламат палічыў за лепшае не казаць:

«Называць нейкіх канкрэтных гульцоў заўчасна. Гэта суперадчувальная справа, называць нейкія канкрэтныя краіны, інстытуцыі ці асобаў не варта да таго моманту, пакуль не пачнуць працаваць алгарытмы. А калі яны пачнуць працаваць, то хай яны працуюць без таго, каб засвечваць нейкія элементы гэтых алгарытмаў. А наўпроставыя перамовы, думаю, на сёння немагчымыя».

Гісторыі
«Праз 5 гадоў турмы змяняецца свядомасць». Як дапамагчы былым вязням вярнуцца да жыцця на волі?
2024.06.14 08:10

Дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда ў размове з «Белсатам» звярнуў увагу на тое, што падчас апошняга абмену Кіеў перадаў Расеі беларускага найміта Герыловіча, а раней – яшчэ двух грамадзянаў Беларусі, якія ваявалі на баку агрэсара. Палітолаг пры гэтым не думае, што менавіта з увагі на гэты факт Лукашэнка вызваліў цяпер пяцёх украінцаў.

«Мяркую, Лукашэнка проста надаў паслугу Пуціну, атрымаў ад яго ўказанне. Лукашэнка такім чынам прадэманстраваў сваю лаяльнасць. Наўрад ці нешта большае. Што ён можа атрымаць? Гарантыі таго, што Украіна не будзе наносіць артылерыйскія ўдары па НПЗ у Мазыры? Такія ўдары будуць азначаць вайну супраць Беларусі. Украіне ваяваць з Беларуссю аніяк не можа быць выгадна, гэта мусіць быць зразумела, таму што мы павялічым фронт на тысячу кіламетраў, і гэта з вайсковага гледзішча не вельмі прыемнае развіццё падзеяў», – падкрэсліў Магда.

Вызваленне «агента СБУ» палітолаг не лічыць нечым надзвычайным: Украіна намагаецца вярнуць усіх сваіх грамадзянаў.

«Прызнанні спадара Швяца ў тым, што ён датычны да гэтай дыверсіі, насамрэч не вельмі шмат значаць, таму што ў камеры і я, і вы прызнаемся ў чым заўгодна. Але пазіцыя Украіны ў тым, каб вяртаць сваіх грамадзянаў. І гэтае вызваленне, спадзяюся, – першы крок для таго, каб і іншыя вязні вярнуліся ва Украіну», – зазначыў суразмоўца «Белсату».

Яўген Магда мяркуе, што агулам Украіна не будзе змагацца за беларускіх палітвязняў – сваіх бы грамадзянаў выцягнуць. Хаця вызвалення рэйкавых партызанаў, якія перашкаджалі перасоўванню па тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай тэхнікі, Кіеў цалкам можа дамагчыся:

«Украіна ў першую чаргу мусіць вызваліць двух каліноўцаў, якія ўжо два гады ў расейскім палоне, і іхны лёс невядомы. Тэма вызвалення беларускіх палітвязняў падымалася, і падымалася неаднаразова, але тут таксама няма лінейнай сітуацыі. Выбачайце за цынізм, але мяняць расейскіх шпіёнаў на беларускіх палітвязняў Украіна не мае рацыі. Давайце гэта, на жаль, канстатуем. Але, калі змагацца за формулу абмену ўсіх на ўсіх, то Украіна мелася б рэйкавых партызанаў улучыць у такі спіс дзеля таго, каб іх вызвалілі і адправілі ва Украіну».

Hавiны
«Абмеркаваныя захады для вызвалення». Азараў перадаў Кізіму спіс «беларускіх партызанаў»
2024.05.02 22:24

Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько, каментуючы «Белсату» вызваленне пяцёх украінцаў, заявіў, што ў Лукашэнкі, імаверна, выбару не было: паставілі перад фактам.

«Мяркую, роля Лукашэнкі была невялікая, у яго не было ўплыву на прыняцце пастановы. Гэта праходзіла без яго альбо ўскосна, і ён быў вымушаны ўхваліць. Звычайна ж ён усё робіць жорстка, паказвае, што ні на якія перамовы ніколі не ідзе і нікога не аддае», – сказаў Манько.

Ён, зрэшты, не выключыў, што з Лукашэнкам вялі наўпроставыя перамовы, таму што паміж Кіевам і Менскам «насамрэч каналы сувязі засталіся»:

«Было багата дамоўленасцяў, дасягнутых з Лукашэнкам падчас перамоваў “пад дываном”. Але на сёння не магу дакладна сказаць, што там якую ролю адыграла, і вырашалася ўсе без Лукашэнкі паміж Расеяй і Украінаю або пад ціскам Ватыкану ці Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Нам пакуль бракуе інфармацыі, каб гэта ацаніць».

Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі таксама не бачыць сэнсу для Украіны выцягваць з-за кратаў беларускіх палітвязняў: «Яны тут кіруюцца ўласнымі інтарэсамі».

Як і Кавалеўскі, Манько мяркуе, што перамовы з уладамі аб вызваленні палітвязняў могуць пачацца толькі праз пасярэднікаў. Прычым гэта мусіць быць суб’ект, які можа альбо зацікавіць нечым значным, альбо прыгразіць – напрыклад, спыненнем грузавых перавозак.

«Лукашэнка будзе размаўляць толькі з моцнымі, а пакуль няма такіх сілаў і ўмоваў, Захад такі даволі апяшалы, абараняе свае інтарэсы. Падзейнічае толькі рэальная пагроза: калі ты гэтага не зробіш, мы табе вось тут закруцім гайкі. Альбо нешта паабяцаць: заўтрашні адыход, захаваць жыццё, захаваць бізнес ці вывесці нейкі бізнес з-пад удару. Простыя словы не дапамогуць. Людзей катуюць за кратамі, ствараюць невыносныя ўмовы, і ніхто не можа дамагчыся вызвалення. У Лукашэнкі мусіць быць зацікаўленасць», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Аб’ектыў
Міжнародны дзень падтрымкі ахвяраў катаванняў: хто падтрымае беларусаў?
2024.06.26 22:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў