У «Пераліку арганізацыяў і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», што вядзе КДБ, ужо больш за 60 грамадска-палітычных дзеячаў. Разбіраемся, што гэта за спіс, што чакае людзей, якія ў яго трапілі, і ў чым унікальнасць «экстрэмізму» ў Беларусі.
«Пералік тэрарыстаў» вядзецца з 2011 года. Першапачаткова ён выкарыстоўваўся для выканання Беларуссю міжнародных забавязанняў у барацьбе з тэрарызмам і абапіраўся на практыку шэрагу краінаў. У пераліку былі людзі і арганізацыі, дзейнасць якіх асуджалася міжнароднай супольнасцю і прызнавалася тэрарыстычнай.
Але з лістапада 2020 года ў яго сталі трапляць людзі паводле палітычных матываў. Пералік выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах – у яго ўсё часцей уносяць апанентаў дзейных дэ-факта ўладаў.
Пералік фармуе і вядзе КДБ Рэспублікі Беларусь. Актуальны спіс ёсць у адкрытым доступе на сайце гэтага органу ў раздзеле «Контртэрарыстычная дзейнасць». Усяго ў спісе на дзень 24 траўня 2022 г. 399 арганізацыяў і 810 фізічных асобаў.
Для гэтага ёсць шэсць падставаў. Да 2020 года самай распаўсюджанай падставай было траплянне ў міжнародны спіс арганізацыяў і асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці.
Залучыць у пералік могуць таксама паводле выраку Вярхоўнага Суда аб прызнанні арганізацыі тэрарыстычнай (экстрэмісцкай), забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Беларусі і яе ліквідацыі. Тэрарыстычнай можа быць прызнана як беларуская, так і замежная і нават міжнародная арганізацыя.
З 2020 года спіс стаў актыўна папаўняцца на падставе судовага выраку аб прызнанні асобы вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: за акт тэрарызму, распальванне варожасці, ужыванне зброі масавага паражэння, стварэнне ўзброенага фармавання, фінансаванне і спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, удзел або арганізацыю масавых беспарадкаў. Апошнія 15 асобаў трапілі ў пералік акурат з гэтай падставы.
Але ў спіс трапляюць не толькі асуджаныя паводле пералічаных артыкулаў, але і абвінавачваныя. Гэта груба парушае прэзумпцыю невінаватасці, замацаваную ў артыкуле 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў артыкуле 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ.
Паглядзім на спіс фізічных асобаў, дзе цяпер налічваецца 810 чалавек. Адзначым, што да восені 2020 года там не было грамадзянаў Беларусі.
У спісе тэрарыстаў можна пабачыць дзяржаўных службоўцаў КНДР і Ірану, звязаных з ядравымі праграмамі ў гэтых краінах. Таксама ў пераліку мноства людзей з Іраку, прызнаных датычнымі тэрарыстычнай дзейнасці ў 2003 годзе. У спіс залучаная вялікая колькасць людзей з грамадзянствам краінаў Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі. Таксама сустракаюцца асобы з грамадзянствам Вялікай Брытаніі, Расейскай Федэрацыі, Нямеччыны, Францыі, Грузіі.
У лістападзе 2020 года ўпершыню КДБ Беларусі дадаў у «тэрарыстычны спіс» беларусаў – імі сталі заснавальнік Telegram-каналаў «NEXTA» ды «NEXTA Live» Сцяпан Пуціла і былы галоўны рэдактар гэтых каналаў Раман Пратасевіч. Маўляў, гэтыя асобы абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
12 лютага 2021 года КДБ абнавіў пералік: на гэты раз спіс папоўніўся 17 асобамі, усе – беларусы, большая частка з іх праходзіць у «справе Аўтуховіча». Яны абвінавачваюцца паводле артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу РБ («Акт тэрарызму»). З іх – 5 жанчын (першы такі прэцэдэнт) і 12 мужчынаў, некаторыя трапілі ў спіс усёй сям’ёй.
2 красавіка 2021 года пералік быў дапоўнены яшчэ 17 асобамі. Гэтым разам у спіс трапілі:
Напрыклад, тэлеграм-каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA», прызнаныя тэрарыстычнымі і забароненыя на тэрыторыі Беларусі выракам Вярхоўнага суда ад 8 красавіка 2022 года. Бачым у спісе таксама «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» (АГСБ), «Супраціў», а таксама ініцыятывы «Кібер-партызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны – ДНС» і «Буслы ляцяць».
Не. За сам факт занясення ў гэты спіс людзей не могуць расстраляць. Гэта вызначае толькі суд пры разглядзе крымінальнай справы, а цяпер за такія дзеянні не прадугледжана смяротнага пакарання (смяротнае пакаранне ў Беларусі не пашыраецца на мужчынаў, старэйшых за 65 гадоў, і жанчын).
Для іх блакуюцца фінансавыя аперацыі, у тым ліку грашовы перавод у СІЗА на іхнае імя праз банк або пошту.
Асуджаным за «экстрэмізм» і дададзеным у пералік да пагашэння судзімасці і цягам пяці гадоў пасля гэтага:
Усё гэта парушае забарону на дыскрымінацыю, згодна з артыкуламі 25 і 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Антыэкстрэмісцкае заканадаўства зʼявілася ў Беларусі ў 2007 годзе, пабудаванае пераважна на расейскі ўзор. Яно адразу выклікала крытыку з боку праваабаронцаў за непрапарцыйнае абмежаванне свабоды выказванняў і празмерна шырокае паняцце «экстрэмізму».
Пасля выбараў 9 жніўня 2020 года і масавых пратэстаў антыэкстрэмісцкае заканадаўства рэгулярна выкарыстоўваецца ў рэпрэсіўных мэтах: незалежныя СМІ, ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, тэлеграм-чаты былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а ў некаторых выпадках – экстрэмісцкімі фармаваннямі. Актывізавалася і выкарыстанне адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу ў палітычных мэтах: многія апаненты рэжыму трапілі ў спіс «тэрарыстаў».
Цяпер практычна любая праява іншадумства трапляе пад ярлык «экстрэмізм». Толькі ў Беларусі ўдзел ці заклікі да ўдзелу ў «незаконных сходах, мітынгах, вулічным шэсці, дэманстрацыях або пікетаваннях» называецца паводле закону «экстрэмізмам».
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі, з 9 жніўня 2020 года да ліпеня 2021 года было заведзена больш за 4200 крымінальных справаў, звязаных з «экстрэмізмам і тэрарызмам». З дадзеных Следчага камітэту, за адзін год пасля выбараў была распачатая 4691 крымінальная справа паводле фактаў «незаконных масавых мерапрыемстваў, беспарадкаў, пратэсных акцый, замахаў на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку».
Антыэкстрэмісцкае заканадаўства трактуецца вельмі шырока і выкарыстоўваецца для здушэння любой формы самаарганізацыі ў грамадстве. Перадача асабістых звестак дзяржаўных службоўцаў трактуецца як «распальванне варожасці», адпраўка ў тэлеграм-каналы відэа – як «выраб экстрэмісцкіх матэрыялаў», заклікі да пратэснай актыўнасці – як «заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы», а арганізацыя пасылак для палітвязняў ці аплата штрафаў за ўдзел у акцыях – як «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Фактычна штодня паведамляецца пра затрыманні ці суды над людзьмі, якія пакінулі крытычны каментар у інтэрнэце, што расцэньваецца як «абраза прэзідэнта ці прадстаўніка ўлады».
На працягу двух гадоў пасля выбараў антыэкстрэмісцкае заканадаўства робіцца ўсё больш жорсткім. Крымінальны кодэкс цяпер крыміналізуе ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» (да 7 гадоў пазбаўлення волі) і заклікі да санкцыяў, больш жорсткім зрабілася пакаранне паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. З 18 чэрвеня 2021 года за «экстрэмісцкія злачынствы» могуць нават пазбавіць грамадзянства, калі яно дадзенае не пры нараджэнні.
Толькі ў Беларусі паняцце «экстрэмізму» распаўсюджваецца нават на:
Экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя 4 буйныя незалежныя медыі з пагрозай крымінальнага пераследу, шматлікія незалежныя медыі ды іх сацсеткі, іх прадукцыя лічыцца экстрэмісцкімі матэрыяламі (за стварэнне, захаванне і распаўсюд такога кантэнту – нават калі гэта проста спасылка ў сацсетках ці лайк пад допісам – 15 содняў арышту могуць атрымаць як журналісты, так і чытачы). Такім чынам, пад маркай барацьбы з «экстрэмізмам» у Беларусі рэалізуецца забарона на незалежную журналістыку.
Адзначым, што комплексныя антыэкстрэмісцкія законы існуюць толькі на постсавецкай прасторы.
Міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ ды іншыя) часцей выкарыстоўваюць паняцце «гвалтоўны экстрэмізм». Яны супраць крыміналізацыі «экстрэмісцкіх» перакананняў, якія не вядуць да гвалту.
СП belsat.eu