Павелічэнне колькасці занятых за адзін месяц не азначае, што адмоўная тэндэнцыя на рынку працы пераломленая, заявіла «Позірку» экспертка даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна, каментуючы апошнія дадзеныя Белстату.
Па звестках ведамства, у лютым 2024 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 132,9 тысяч чалавек – на 0,09 % больш (+ 3,8 тысяч), чым у студзені, і на 39,5 тысяч менш, чым у лютым 2023-га (- 0,95 %).
Як адзначыла Анастасія Лузгіна, калі прааналізаваць даныя Белстату аб занятасці насельніцтва за 2023 год у параўнанні з 2022 годам, то можна заўважыць, што ўсе паказчыкі ў гадавым выражэнні знізіліся.
«Нейкія фактары, хутчэй за ўсё сезоннага характару, павышалі занятасць у сакавіку і жніўні 2023 года ў адносінах да папярэдняга месяца, але гэта не з’яўлялася доўгачасовым трэндам», – сказала экспертка.
Паводле яе слоў, назіралася «прасяданне» рабочай сілы ў большасці сектараў эканомікі. У прыватнасці, «адчувальнае зніжэнне было зафіксавана ў будаўніцтве, транспартнай галіне, аптовым гандлі, сферы інфармацыі і сувязі», скарачэнне работнікаў «складала не сотні, а тысячы».
Напрыклад, у сферы транспарту і лагістыкі колькасць работнікаў зменшылася з 281,9 да 274,4 тысяч, сельскай гаспадарцы – з 362 да 350,1 тысяч, будаўніцтве – з 253,9 да 245,5 тысяч, аптовым і рознічным гандлі – з 600,6 да 593,3 тысяч, грамадскім харчаванні – з 72,8 да 69,5 тысяч, сферы інфармацыі і сувязі – са 137,9 да 122,7 тысяч, у адукацыі – з 436,8 да 431,7 тысяч.
Пры гэтым, падкрэсліла прадстаўніца BEROC, неабходна ўлічваць спецыфіку той ці іншай галіны: зніжэнне колькасці занятых не заўсёды азначае ўзнікненне іх недахопу.
«Возьмем, да прыкладу, IT-сферу. Тут не тое каб не хапала працаўнікоў. Проста галіна па годзе паказала спад. Такая ж сітуацыя была ў галіне транспарту», – растлумачыла экспертка.
Чалавечы рэсурс – неадʼемная частка эканамічнага працэсу, а Беларусь страчвае рабочую сілу не першы год, адзначыла Лузгіна.
«Калі гэтага рэсурсу становіцца менш, калі ён у дэфіцыце, як у Беларусі, то ўзнікаюць праблемы і ў сферы вытворчасці, і ў сферы паслуг. У выніку гэта абмяжоўвае магчымасці росту таго ж ВУП», – канстатавала экспертка.
Яна прывяла афіцыйную статыстыку, згодна з якой на канец 2021 года было 92 тысяч вакансіяў на рынку працы, 2022-га – 95 тысяч, 2023-га – амаль 135 тысяч.
Паводле слоў Лузгінай, не трэба забываць, што сённяшнія работнікі забяспечваюць пенсіянераў.
«Калі работнікаў становіцца менш, зніжаецца абʼём адлічэнняў у ФСАН, які і так дэфіцытны. Цяпер дзяржава пераразмяркоўвае рэсурсы і закрывае гэты мінус. Калі праблема захаваецца, гэта значна зменшыць магчымасці павышэння пенсіяў у намінальным выражэнні і захавання іх суадносін да сярэдняй заработнай платы на ўзроўні 40 %», – сказала экспертка.
Ася Саковіч belsat.eu