Аператару каманды Сяргея Ціханоўскага Канстанціну Сярогіну, у якога атрымалася ўцячы з Беларусі ад пераследу, адмовілі ў палітычным прытулку ў Швецыі, дзе ён знаходзіцца разам з сям’ёй, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Канстанціна Сярогіна затрымлівалі з другім аператарам Ціханоўскага Арцёмам Сакавым, якога асудзілі ў выніку да 16 гадоў калоніі, у чэрвені 2020 года. Але тады яму ўдалося пазбегнуць крымінальнага пераследу. У 2021 годзе Канстанцін разам з сям’ёй з’ехаў з Беларусі.
Пасля некалькіх пераездаў сям’я аператара апынулася ў Швецыі, дзе Канстанцін папрасіў прадставіць яму палітычны прытулак у сувязі з пераследам на Радзіме. Праваабаронцам стала вядома, што надоечы маладзён атрымаў адмову ад міграцыйных органаў.
«Гэта самае жудаснае, што я мог ад іх пачуць. Я вельмі гэтым узрушаны. І гэта пасля больш 22 гадзін інтэрв’ю і масы прадстаўленых доказаў з майго боку, – кажа Канстанцін. – Справу яны пачалі разглядаць 4 снежня, і па сутнасці яны прынялі рашэнне за 2 тыдні па такім вялізным і абʼёмным кейсе. Мне адмовілі ў першай інстанцыі, але ёсць магчымасць падаць апеляцыю і абскардзіць гэта рашэнне ў міграцыйным судзе. І я буду выкарыстоўваць усе магчымасці».
Выпадак Канстанціна Сярогіна – не першы, калі Швецыя адмаўляе ў палітычным прытулку беларусам, што ратуюцца ад рэпрэсіяў на радзіме. Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васэрман казаў, што за апошнія гады не ведае ніводнага выпадку, каб прашэнне аб прытулку было ўхваленае.
Марыя Міхалевіч belsat.eu