100 гадоў таму, 30 снежня 1922-га, быў утвораны Савецкі Саюз – аб’яднанне Беларускай, Закаўказскай, Расейскай і Украінскай савецкіх рэспублік. 31 год таму СССР спыніў існаванне. Некаторыя дасюль згадваюць яго з настальгіяй.
Да 30-годдзя распаду СССР у Расеі рабілі апытанні пра стаўленне да Савецкага Саюзу. Паводле апытання Левада-Цэнтру, 63 % шкадавалі пра распад СССР, 28 % не шкадавалі. А згодна з апытаннем дзяржаўнага Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), 18 % не ведалі, як СССР расшыфроўваецца.
У Беларусі падобных апытанняў даўно не ладзілі. Улады нават не звярнулі шмат увагі на 100-гадовы юбілей стварэння Савецкай Беларусі ці 30-годдзе незалежнасці Рэспублікі Беларусь (а незалежную сацыялогію зрабілі максімальна складанаю).
Але нядаўна апытанні пра СССР правялі ва Украіне. Паводле аднаго апытання Цэнтру Разумкова, 67 % пазітыўна ацэньваюць распад СССР, а паводле іхнага ж іншага апытання, 87 % не шкадуюць пра распад СССР.
Як жылося ў СССР, усё яшчэ могуць расказаць шматлікія сведкі. Напрыклад, чалавеку, які пажыў поўнагадовым у СССР хаця б 10 гадоў, цяпер толькі 41 год, а 70-гадовы яшчэ заспеў сталінскі час (хай і ў калысцы). Шмат якія блогеры, як беларус Максім Міровіч ці расеец Максім Кац, прысвячаюць цэлыя цыклы тэме прапагандысцкіх міфаў пра СССР.
Паглядзім на афіцыйныя і прыватныя фота з БССР 1980-х. На гэтыя гады прыпаў і «брэжнеўскі застой», і «гонка на лафетах» старых партыйных лідараў, і спроба рэфармаваць нямоглую сістэму, што вылілася ў перабудову, і распад камуністычнай сістэмы.
У СССР было самае смачнае марозіва – ці то жартам, ці то цалкам сур’ёзна кажуць фанаты СССР. Кажуць, усе мелі годныя заробкі і жылі ў дабрабыце, а цэны былі нізкія. Напраўду ж дзякуючы планавай эканоміцы дэфіцыт мог узнікнуць на любы тавар.
Даставаць у чэргах ці праз знаёмствы даводзілася розныя рэчы і нават ежу. СССР не здолеў забяспечыць усіх грамадзянаў туалетнаю паперай ці лядоўнямі. Найлепшымі таварамі лічыліся якраз імпартныя: не толькі амерыканскія джынсы, а і югаслаўская мэбля.
Калі хацелася модных строяў, а праз блат не ўдавалася, даводзілася самастойна шыць, а каб выглядаць проста прыстойна – цыраваць. Гэндмэйд і DIY (Do It Yourself – даслоўна «зрабі гэта сам») былі зусім не хобі або прынцыпамі, а неабходнасцю.
Шмат што з савецкіх тавараў было надзвычай нізкаякасным, нават калі было копіяй «капіталістычнага». Напрыклад, машыны «Жыгулі» славіліся тым, што іх трэба рамантаваць адразу пасля пакупкі, хоць яны і вырабляліся на аснове італьянскіх «Fiat 124». Пры гэтым да канца існавання СССР «Жыгулі» заставаліся для шмат каго недасяжнаю раскошаю, хоць былі скапіяваныя з машынаў 1967 года вырабу.
Прамысловасць арыентавалася на патрэбы войска, а зусім не на патрэбы грамадзянаў. І яна, як стала зразумела пасля распаду СССР і адкрыцця межаў, выпускала неканкурэнтаздольную і моцна састарэлую прадукцыю.
Грамадзяне не маглі не толькі дамагчыся продажу патрэбных ім тавараў, але і абараніць сваіх правоў на вытворчасці. Прафсаюзы існавалі, але баранілі дзяржаву, а не рабочых. Не маглі нават вольна выбраць месца працы, не кажучы пра тое, каб пачаць уласны бізнес. Апошняе было крымінальным злачынствам.
Хоць у СССР дэкларавалі роўнасць грамадзянаў, няроўнасць і дыскрымінацыя былі відавочныя. Хто вышэй у партыйнай іерархіі, той меў доступ да тавараў і выгодаў, недасяжных звычайным смяротным. Пасля выхаду на пенсію для бальшыні актыўнае жыццё канчалася. Гендарная няроўнасць нефармальна падтрымлівалася. Былі відавочна багацейшыя і бяднейшыя рэгіёны. Жыццё на сяле было цяжэйшае і бяднейшае, а слова «калгаснік» было (і застаецца) ледзь не абразаю. Была і выразная дыскрымінацыя «неславянскіх» народаў, габрэяў. Расейскія культура і мова выцяснялі іншыя.
Былі і іншыя формы прымусовай або «добраахвотна-прымусовай» працы: «студатрады», «суботнікі», паездкі «на бульбу»… Таксама крымінальным злачынствам было не працаваць – гэта лічылася «дармаедствам».
Нават калі ты вядомы спявак, але не ў дзяржаўным ансамблі ці Саюзе пісьменнікаў, то мусіш мець афіцыйнае месца працы. Гэта датычыла і ўсесаюзных зорак, як то паэта Іосіфа Бродскага, пакаранага за «дармаедства» ссылкаю на Поўнач.
«Кватэры раздавалі бясплатна», але не ва ўласнасць, а ў карыстанне без права прадаваць. У чарзе па кватэру можна было стаяць гадамі, а каб трапіць у чаргу, трэба было ўжо жыць у моцна перанаселенай кватэры. А можна было да канца СССР пражыць у камунальнай кватэры з іншымі сем’ямі. Пры гэтым жытло будавалі нізкаякаснае – за прыгожымі фасадамі цэнтральных вуліцаў хаваліся палі баракаў, хрушчовак і брэжневак і іх занядбаныя двары або старыя драўляныя хаты. Гарады выглядалі аднолькава на розных канцах Саюзу.
Калі не пашчасціла жыць далёка ад працы, даводзілася карыстацца грамадскім транспартам, які, мякка кажучы, не заўсёды ўлічваў патрэбы грамадзянаў. А змяніць працу, перабрацца ў іншую кватэру ці здабыць аўтамабіль было праблемаю. Не кажучы пра тое, што няпроста было пераехаць у іншы горад, а за мяжу можна было хіба ўцячы.
Гістарычна-культурная спадчына была нават у горшым стане за жытло. Рэлігійныя будынкі разбураліся ці перадаваліся на гаспадарчыя патрэбы, шмат якія замкі і палацы пакідалі ў такім стане, што тыя проста самі развальваліся. Не кажучы пра тое, што гісторыя пастаянна перапісвалася і фальсіфікавалася.
У нас была найлепшая адукацыя – яшчэ адзін папулярны міф фанатаў СССР. Пасля распаду СССР стала відаць, што больш-менш развітыя былі асобныя галіны, але агулам савецкая адукацыя не вучыла ініцыятыўнасці або крытычнаму мысленню, не рыхтавала да жыцця не «паводле ўказкі». Затое вучыла слухаць ідэолагаў і рабіць выгляд, што пагаджаешся.
Узровень медыцыны таксама выклікаў сумненні: хоць сярэдняя працягласць жыцця была толькі крыху ніжэйшая за еўрапейскую, доступ да якаснай медыцыны быў найчасцей праз блат. Медыцына была шмат у чым адсталая. Напрыклад, да канца існавання СССР практычна не ўжываліся аднаразовыя іголкі шпрыцаў. Савецкія грамадзяне часта сутыкаліся з хамствам медычнага персаналу, не зацікаўленага ў выніках уласнай працы, нават у радзільнях. Ужываліся неправераныя або антынавуковыя метады лекавання. Дысідэнтаў літаральна катавалі «лекаваннем». Гэта пазней назвалі «карнаю псіхіятрыяй». Высокая доля насельніцтва пакутавала на алкагалізм.
У СССР да канца 1980-х панавалі цэнзура і абавязковая дзяржаўная ідэалогія. Пры тым усе бачылі, што на словах – «мы за мір», а фактычна Савецкі Саюз браў удзел у войнах ускосна і наўпрост. Калі СССР дазволілі крыху крытыкаваць, «галоснасць» прарвалася лавінаю незадаволенасці. Першыя ж санкцыянаваныя мітынгі збіралі вялікія натоўпы. Спробы цалкам легальна аддзяліцца ад СССР у некаторых рэспубліках сутыкаліся з дзяржаўным гвалтам і ўжываннем войска супраць пратэстоўцаў.
Савецкі Саюз распаўся праз шмат якія прычыны. Глыбокі эканамічны крызіс ці то здарыўся ў 1989 годзе, ці то пачаўся яшчэ ў 1970-ыя, ці то не спыняўся з рэвалюцыі 1917-га. Глыток свабоды перабудовы паказаў татальную незадаволенасць камуністычнымі ўладамі, а галоснасць выкрыла шматлікія бесчалавечныя злачынствы камуністаў. Спроба рэфармаваць планавую эканоміку і таталітарны рэжым правалілася. Невядома, ці магла яна наагул быць паспяховай. А спробы рэанімаваць скалечаныя камуністамі краіны дзесьці прывялі да некалькіх гадоў татальнай галечы, а дзесьці – да прыходу да ўлады рэваншыстаў з сярпом і молатам у галаве.
Алесь Наваборскі belsat.eu