Нягледзячы на цяжкі стан здароўя і ўсе прыкметы каронавірусу, палітвязня Арцёма Баярскага ўсё ж этапавалі – ў Магілёў.
Раней мы пісалі пра тое, што хлопец цяжка хварэе ў турме. Турэмны лекар прапісаў яму пасцельны рэжым, але тэст на каронавірус Арцёму так і не зрабілі. Пакуль разглядалася скарга на прысуд, Арцём знаходзіўся ў СІЗА №1 на Валадарскага. Сёння стала вядома, што яго этапавалі ў Магілёў, дзе ён будзе адбываць пакаранне пасля абскарджання. Скарга цяпер у Вярхоўным судзе, прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
20-гадовага студэнта Арцёма Баярскага 9 снежня асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (адміністраванне Telegram-каналу і чату «Мая краіна Беларусь») і за ўдзел «у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суд быў закрытым.
Гарадзенец, былы студэнт хімфаку БДУ, пераможца шматлікіх алімпіядаў па хіміі, Арцём Баярскі марыў ствараць лекі ад невылечных хваробаў. Пасля выбараў у жніўні мінулага году хлопец падпісаў адкрыты ліст аб адмове ад прэзідэнцкай стыпендыі і сваіх рэгаліяў у знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня. Пасля арышту яго выключылі з універсітэту. За кратамі ён знаходзіцца з 24 сакавіка.
Гісторыя Арцёма прыцягнула ўвагу не толькі ўнутры Беларусі, але і выйшла на міжнародны ўзровень. За яго заступіліся 47 аўтарытэтных навукоўцаў расейскай Акадэміі навук, на знак падтрымання Арцёма завочна залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага, дзе ён зможа вучыцца пасля вызвалення.
РР belsat.eu