З 30 кастрычніка ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ўзмацнілі жорсткасць правіл прыёму медычных перадач, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Цяпер сваякі могуць перадаць іх толькі пры заяве ад затрыманага.
Цяпер па новых правілах для таго, каб атрымаць перадачу з лекамі і вітамінамі, зняволены павінен спачатку звярнуцца ў медычную частку з пісьмовай заявай. Пры гэтым рашэнне аб неабходнасці і мэтазгоднасці перадачы прымаецца лекарам СІЗА. Ён можа дазволіць перадачу ці адмовіць у ёй. Пасля згоды лекара зняволены па пошце адпраўляе сваякам заяву з дазволам і спісам неабходных лекаў, і толькі потым сваякі змогуць адправіць яму неабходныя лекі.
Зняволеным забараняецца браць лекі з сабой на этап. Неабходныя лекі будуць выдавацца яму з пісьмовага дазволу лекара.
Праваабаронцы адзначаюць, што праз адсутнасць якаснай медычнай дапамогі ў месцах зняволення, гэтыя перадачы для сваякоў – адзіны спосаб дапамагчы блізкаму.
Раней магілёўскія праваабаронцы паведамлялі, што ў папраўчай калоніі №22 «Ваўчыныя норы» ў Івацэвіцкім раёне асуджаным перасталі падпісваць дазволы на медычныя бандэролі. Усё праз тое, што новы начальнік медчасткі лічыць, што ў калоніі дастаткова лекаў для лячэння любых хвароб і адмаўляе нават тым, хто мае пацверджаны дыягназ і раней атрымліваў лекі ад родных.
Былыя вязні, якія раней сядзелі ў ВК-22 сведчаць, што начаваць ім даводзіцца пры стала адчыненых вокнах. Узімку, нават пры ўключаным апале, адміністрацыя дазваляе асуджаным спаць у тэрмабялізну і накрывацца целагрэйкамі. Праз сталы холад асуджаныя часта хварэюць.
Алена Рувіна belsat.eu