Былой палітзняволенай Наталлі Хершэ ўручана прэмія «Мужнасць» швейцарскага часопіса «Beobachter». Пра гэта паведамляе «Позірк».
53-гадовая Хершэ атрымала прэмію ў памеры 15 тысяч швейцарскіх франкаў за «бясстрашную барацьбу з дзяржаўным самавольствам», яна «17 месяцаў была палітзняволенай у Беларусі і адмовілася падаць прашэнне аб памілаванні».
«Ва ўмовах аўтакратыі вы адстойвалі свабоду слова і дэманстрацыяў – фундаментальныя правы, без якіх не можа функцыянаваць ні адна дэмакратыя. Ваша мужнасць заразлівая», – заявіла, звяртаючыся да Хершы, старшыня журы прэміі Сузане Хахулі.
Наталля Хершэ мае два грамадзянства – Беларусі і Швейцарыі. Да 2020 года яна пражывала ў Швейцарыі цягам 12 гадоў. У верасні 2020 года падчас наведвання Менску далучылася да «жаночага маршу», а пры затрыманні Наталля сцягнула з амапаўца балаклаву. Праз гэта на яе завялі крымінальную справу па арт. 363 КК РБ («Супраціў супрацоўніку міліцыі») і пакаралі 2,5 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі. У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны.
18 лютага 2022, году, пасля 17 месяцаў у зняволенні, Наталля Хершэ выйшла на волю: яна была памілаваная Аляксандрам Лукашэнкам, хаця прашэнне аб памілаванні так і не напісала.
Глеб Нержын belsat.eu