Чарговая выплата адсоткавага даходу за еўрааблігацыі Belarus-2023 і Belarus-2030 на агульную суму $ 46,1 млн у эквіваленце адбылася 29 жніўня, паведамляе Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Мінфін піша, што «ў сувязі з захаваннем неспрыяльных вонкавых умоваў сродкі ў поўным аб’ёме залічаныя на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ «ААБ «Беларусбанк» у беларускіх рублях».
Доступ да сродкаў на гэтым рахунку нададзены плацежнаму агенту «Citibank N.A. London Branch».
Раней Мінфін выплаціў «рублёвы эквівалент» $ 38,6 млн за еўрааблігацыі Belarus-2026 і Belarus-2031. Міжнародныя рэйтынгавыя агенцыі прызналі такія выплаты дэфолтам.
28 чэрвеня беларускі ўрад разам з Нацбанкам прынялі пастанову, паводле якой «выкананне пазыковых абавязанняў паводле дзяржаўных каштоўных папераў, размешчаных на вонкавых фінансавых рынках, будзе здзяйсняцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацбанку на дату плацяжу».
Паводле ўраду, гэта вымушаная захада, абумоўленая немагчымасцю плацежнага агента і іншых удзельнікаў міжнароднай разлікова-клірынгавай сістэмы гарантаваць паўнату і своечасовасць пераліку сродкаў усім трымальнікам еўрааблігацыяў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu