Папа Рымскі Францішак падчас нядзельнай малітвы ў Ватыкане заклікаў Расею аднавіць «збожжавую ўгоду», якая дазволіць Украіне экспартаваць збожжа праз чарнаморскія парты і пазбегнуць харчовага крызісу ў свеце.
«Не перастанем маліцца за пакутніцкую Украіну, дзе вайна нішчыць усё, нават пшаніцу», – заявіў ён. Паводле Францішака, гэта абражае Бога, бо пшаніца з’яўляецца божым дарам, каб накарміць чалавецтва.
«Плач мільёнаў братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад голаду, уздымаецца да нябёсаў», – адзначыў ён.
Папа Рымскі звярнуўся да ўладаў Расейскай Федэрацыі з заклікам, каб аднавілася чарнаморская ініцыятыва і было забяспечана бяспечнае транспартаванне збожжа.
Нагадаем, поўнамаштабная агрэсія Расеі супраць Украіны спарадзіла праблему транспартавання збожжа праз чарнаморскія парты. У ліпені 2022 году пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны была створаная «збожжавая ініцыятыва» – працэдура бяспечнага транспартавання харчоў Чорным морам. Лічыцца, што «збожжавая ініцыятыва» дазволіла пазбегчы вялікага харчовага крызісу і палепшыць сітуацыю з цэнамі на сусветных рынках.
Расея ў аднабаковым парадку выйшла з дамовы 17 ліпеня. Пасля гэта расейская армія распачала кампанію масіраваных паветраных удараў па партовай інфраструктуры Адэскай вобласці.
Глеб Нержын belsat.eu