Хоць Літва ўзмацняе ахову мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі, літоўскі міністр замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс заявіў 29 чэрвеня, што падставаў для поўнага закрыцця мяжы няма. Пра гэта паведамляе «Delfi».
«Закрыццё мяжы, калі мы маем на ўвазе поўнае закрыццё мяжы, мае далёкасяжныя наступствы. Нашая мяжа, якая звязвае нас наўпрост з Беларуссю, таксама звязвае Літву з усім светам на ўсход, скажам, такімі краінамі, як Казахстан, Узбекістан і шмат якія іншыя – Грузія, Арменія. Мы павінны ўлічваць і гэта», – падкрэсліў міністр замежных справаў Літвы.
Паводле яго, поўнае закрыццё мяжы – гэта «чырвоная кнопка».
«У выпадку крызісу, бачачы, што па той бок мяжы адбываюцца правакацыі і небяспечныя дзеянні, якія яшчэ не патрабуюць увядзення чацвёртага ці пятага артыкулу, мы, магчыма, і маглі б разгледзець такія нацыянальныя дзеянні, але пакуль для гэтага няма ніякіх падставаў», – запэўніў Габрыелюс Ландсбергіс.
Ён дадаў, што баевікі групы Вагнэра, якія могуць цяпер быць у Беларусі, змогуць перасекчы мяжу толькі нелегальна, бо яшчэ з 2022 года грамадзянам Расеі, якія прыбываюць у Літву з турыстычнымі або негуманітарнымі мэтамі, уезд забаронены.
Візавыя цэнтры Літвы ў Беларусі спынілі прыём заяваў на нацыянальныя візы. Прыём заяваў на працоўныя візы быў спынены 15 чэрвеня, а з 28–29 чэрвеня візавыя цэнтры перасталі прымаць дакументы на нацыянальныя візы і на іншых падставах.
Якуб Хруст belsat.eu