Намеснік кіраўніка гарадзенскай турмы загадаў раздзяваць падсудных перад судовым паседжаннем, нават здымаць бялізну. Гэта робіцца нібыта для таго, каб рэнтгенам правяраць адзенне, паведамляе «Наша Ніва».
Больш за месяц у гарадзенскай турме ідзе суд у «справе Аўтуховіча». Галіна Дзербыш перад апошнім пасяджэннем адмовілася раздзявацца і даваць рэчы на правяранне: яна пенсіянерка, хварэе на рак. Тады з яе пачалі сілай сцягваць адзенне і парвалі майку.
Галіна Дзербыш прасіла суддзю спыніць гэтыя прыніжальныя раздзяванні. Суддзя Максім Філатаў адказаў, што гэта не тычыцца справы і трэба звяртацца да кіраўніцтва турмы. Раней ён ніяк не адрэагаваў на скаргі Уладзіміра Гундара на свавольства турэмнікаў, праз што палітвязень абвесціў галадоўку і пагражаў самагубствам.
На адным з пасяджэнняў Галіна заявіла, што падчас следства ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу. Акрамя гэтага, яе змяшчалі ў карцар тэрмінам на 10 содняў, там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў траціла прытомнасць. Цягам 15 месяцаў жанчыну ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры. У Дзербыш анкалагічная хвароба і праблемы з сэрцам.
Больш за 5 месяцаў жанчына атрымлівае лісты толькі ад сваякоў. Праз тое, што яе ўключылі ў спіс тэрарыстаў, пасылкі і бандэролі, якія ёй дасылаюць неабыякавыя людзі, вяртаюць з пазнакай «адмова». Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў КК: ч. 2 арт. 285 («Удзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу ўлады»).
Марыя Мурашка belsat.eu