Полк Каліноўскага ў сваім Telegram-канале распавёў пра сустрэчу з дырэктаркай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы, якая цяпер ва Украіне з працоўнай паездкай. «Мы разам працуем дзеля адной мэты: вольнай і незалежнай Беларусі, і толькі разам мы зможам гэтага дамагчыся», – гаворыцца ў паведамленні.
У сустрэчы ўзялі ўдзел камандзір палка Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт, афіцыйны спікер Крысціна з пазыўным Чабор, палітычны прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі.
Як паведаміў полк у сваім Telegram-канале, суразмоўцы абмеркавалі больш цесную супрацу ў асвятленні вайны ва Украіне і актыўнага ўдзелу ў ёй беларускіх добраахвотнікаў:
«Сустрэча паказала, што мы думаем у адным напрамку, што да важнасці данясення гэтай інфармацыі да беларускага гледача. Мы разам працуем дзеля адной мэты: вольнай і незалежнай Беларусі, і толькі разам мы зможам гэтага дамагчыся».
Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы знаходзіцца ва Украіне з працоўным візітам. 27 красавіка яна ўзяла ўдзел у цырымоніі афіцыйнага адкрыцця прадстаўніцтва тэлеканалу ў Кіеве.
Сяргей Крот belsat.eu