Афіцыйны таваразварот між Беларуссю і Зімбабвэ мізэрны, затое аб’ём «мутных справаў» вялізны, а справы гэтыя могуць быць звязаныя з фінансаваннем расейскай агрэсіі ва Украіне, расказаў «Белсату» кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Пасля візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты Аляксандр Лукашэнка выправіўся ў Зімбабвэ, ранкам 30 студзеня прыляцеў у Харарэ. Мясцовыя медыі адзначаюць, як іх інструктуюць пра дрэс-код жанчын: пры Лукашэнку – ніякага занадта адкрытага адзення.
Але што такога ў не самай багатай краіне Афрыкі, за 8000 кіламетраў ад Менску? Пра гэта «Белсату» расказаў кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін, які цікавіцца супрацаю з краінамі, якія ў Беларусі прынята называць дальняю дугою.
Там даўно «вымалёўваюцца інтарэсы», згадвае Красулін. Прынамсі з 2018 года за афрыканскі кірунак адказвае Віктар Шэйман – блізкі паплечнік Лукашэнкі, былы кіраўнік ягонымі справамі.
«У Зімбабвэ была ўтвораная гэткая база для далейшага пранікнення на Афрыканскі кантынент, які мае гіганцкія перспектывы, вядома», – кажа Красулін. Тое ж казаў часовы павераны ў справах Беларусі ў Зімбабвэ.
Часовы павераны тлумачыў гэта агульнымі словамі пра ёмісты рынак і высокі попыт на розную прадукцыю. Красулін жа бачыць тры фактары, якія прывялі Беларусь менавіта ў Зімбабвэ.
Па-першае, там вельмі значныя прыродныя рэсурсы: золата, плаціна, алмазы, нікель ды іншае. Усё гэта распрацоўваецца «даволі кволенька» мясцовымі сіламі, тлумачыць Красулін: залатыя радовішчы распрацоўваюцца яшчэ тыя, што вядомыя са старажытнасці, а новыя не выведваюцца.
Па-другое, там адпаведны палітычны рэжым, дыктатура адной партыі, Зімбабвійскага афрыканскага нацыянальнага звязу – Патрыятычнага фронту (ZANU-PF). Згодна з Індэксам дэмакратыі часопісу «The Economist», Зімбабвэ больш дэмакратычная краіна, чымся Беларусь: 133-ае месца супраць 146-га са 167 магчымых. Гэтаму нават можна паверыць, разважае Красулін: у 2017 годзе там вымусілі падаць у адстаўку дыктатара Робэрта Мугабэ, які кіраваў краінаю з 1987 года (Лукашэнка шкадаваў, калі неўзабаве пасля зрынання Мугабэ памёр), дый на мясцовых выбарах у апазіцыі ёсць шанцы перамагчы. Але ўплываць на палітычную сітуацыю агулам у краіне апазіцыя там не можа.
Нарэшце, ZANU-PF «карыстаецца прыроднымі багаццямі і дае імі пакарыстацца іншым сабе падобным, якія могуць чымсьці дапамагчы», рэзюмуе суразмоўца.
Красулін згадвае тэорыю пра «запасны аэрадром» Лукашэнкі: месца, куды можна ўцячы і прабавіць спакойную старасць. У гэтым ён сумняецца: сучасныя тэхналогіі ды сродкі кантролю зрабілі Зямлю «занадта цеснаю», каб хавацца, як нацысты ў Аргентыне пасля Другой сусветнай. Хаця дапускае, што з мільярдамі долараў можна зрабіцца нябачным і ў цесным горадзе.
У Афрыцы, дадае Красулін, улады Беларусі цікавяцца не толькі Зімбабвэ, а і іншымі краінамі з дыктатураю ды нестабільнасцю. У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга беларускі бізнес падазравалі ў гандлі зброяй, а яшчэ там значныя запасы літыю, якія практычна не распрацоўваюцца. Тога – бедная краіна з карыснымі выкапнямі, якія амаль не распрацоўваюцца, дзе Лукашэнку можа цікавіць яшчэ і досвед перадачы ўлады нашчадку. З Кеніяй і Нігерыяй цяжэй, але палітычная сітуацыя не найлепшая, «ёсць мутнасць у вадзічцы, можна паспрабаваць рыбку палавіць»…
У такіх краінах аўтаматычна з’яўляюцца інтарэсы Расеі, следам за імі – інтарэсы Лукашэнкі, расейскія прыватныя вайсковыя кампаніі ды падтрыманне нестабільнасці, рэзюмуе Красулін. А ў Афрыцы – гіганцкія перспектывы: і вялізныя прыродныя рэсурсы, і чалавечы рэсурс. Ужо ў сярэдзіне стагоддзя Афрыка станецца цікавейшаю за Кітай, мяркуе Красулін, таму там трэба «забіць сабе мястэчка». Ды суразмоўца лічыць відавочным, што эканоміка Беларусі ад гэтага атрымае ці нічога, ці кроплі.
Са здабычаю золата ў Зімбабвэ ўзнікалі скандалы з аховаю працы і эксплуатацыяй рабочых. У сярэдзіне лістапада 2020 года на пляцоўцы, вылучанай кампаніі «Zim GoldFields», адбыўся інцыдэнт з гібеллю нелегальных здабывальнікаў золата. Падрадная арганізацыя з Кітаю засыпала адкрытыя карʼеры, каб падрыхтавацца да працы. Некаторыя здабывальнікі пакінулі шахту, а некаторыя засталіся. У выніку загінулі два чалавекі. Расследавальнікі высветлілі, што «Zim GoldFields» на 70 % належыць кампаніі Сяргея Шэймана (сына Віктара Шэймана) і ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандра Зінгмана.
Пасля таго пад увагу расследавальнікаў трапіла і кампанія «Aftrade», імаверна, цесна звязаная з Зінгманам. Кампанія зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, фармальна займаецца экспартам у Афрыку прадукцыі МАЗу, «БабруйскАграМашу» ды іншай тэхнікі, але падобна, што яна звязаная і са здабычай алмазаў, нават месціцца ў адным будынку з біржаю гандлю алмазамі.
«Наўрад ці прасоўванне Афрыканскага кантыненту – гэта самастойная пазіцыя Беларусі, – мяркуе Красулін. – За гэтым усім стаіць Расея, інтарэсы там пераплеценыя настолькі, што іх немагчыма адасобіць, што бачна, напрыклад, па сітуацыі з гандлем алмазамі».
Адмысловец згадвае, што Беларусь з 2003 года ёсць сябрам Схемы сертыфікацыі працэсу Кімбэрлі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў – правярання алмазаў на легальнасць здабычы, каб перадухіліць траплянне на рынак «крывавых» алмазаў і фінансаванне баевікоў. У 2021 годзе ў працэсе старшынствавала Расея, Беларусь падавала заяўку на старшынства ў 2023 і 2024 гадах, а Украіна выступала супраць, бо падазравала, што і алмазы, і золата, што беларускія кампаніі здабываюць у Зімбабвэ, выкарыстоўваюцца для вайны ва Украіне.
І беларускія СМІ, і спецслужбы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга падазравалі, што Зінгман гандляваў зброяй. У сакавіку 2021 года яго на 12 дзён затрымалі ў Конга, але вызвалілі без выстаўлення абвінавачанняў.
Як напраўду Беларусь гандлюе зброяй, невядома: пра гэта паведамляюць зусім няшмат, зброя не ўваходзіць у афіцыйныя лічбы таваразвароту. Але Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання міру адносіць Беларусь у топ-20 гандляроў зброяй у свеце толькі паводле публічна вядомых угодаў.
Затое, адзначае Яўген Красулін, дакладна вядома, што расейская група кампаніяў «Алроса», што кантралюе амаль усю здабычу алмазаў у Расеі, звязаная з вайною.
Яшчэ ў 1997 годзе кампанія ўзяла шэфства над субмарынай, якую назвалі імем кампаніі (гэта адзіны ў свеце падводны човен з імем камерцыйнай кампаніі). У 2022 субмарыну ўзброілі ракетамі «Калібр» і выправілі ў Чорнае мора. Украінскія медыі звязвалі яе з ударам па цэнтры Вінніцы, які забіў 27 чалавек. Кампанія з невядомых прычынаў пакуль не трапіла пад санкцыі.
«Вось тут Зімбабвэ і прыдалася б са сваймі радовішчамі, – мяркуе Красулін. – Хто б там разабраўся, адкуль гэтыя алмазы сапраўды паступаюць? Працэс сертыфікацыі праводзіцца, на рынак яны трапляюць чысценькімі, як зімбабвійскія – ну і атрымлівай прыбытак ад гэтых алмазаў».
Такая схема фінансавання вайны, падкрэслівае адмысловец, толькі тэарэтычная, але «цалкам жыццяздольная».
Улады Беларусі называюць флагманскім праектам у Зімбабвэ супрацу ў механізацыі сельскай гаспадаркі, продаж камбайнаў ды іншай тэхнікі. 30 студзеня кампанія «Aftrade» падпісала кантракт на пастаўку ў Зімбабвэ яшчэ 3575 трактароў МТЗ.
Шэйман яшчэ ў 2018 годзе анансаваў будоўлю ў Зімбабвэ сонечнай электрастанцыі, дамовы дасягнулі ў 2021-м. Дамовы пра лагістычны хаб былі яшчэ ў 2019-м. Таваразварот між краінамі дасюль сціплы, але не нулявы: 25 мільёнаў долараў за 2021 год, 38,6 мільёна долараў за першыя 11 месяцаў 2022-га.
Дык чаму пра беларуска-зімбабвійскія стасункі кажуць толькі ў кантэксце «мутных справаў»? Можа, там сапраўды вядзецца легальны і прыбытковы бізнес? Красулін смяецца і згадвае нядаўні скандал з закупам пажарных машынаў з Беларусі: іх хацелі купляць за кошт мясцовых уладаў, а тыя ўлады даводзілі, што пажарныя машыны ім не патрэбныя.
«Пры нармальнай сітуацыі там можна было б зрабіць неблагі бізнес: машынабудаўнічы, будаўніцтва інфраструктуры… Але гэта пры нармалёвых палітычных умовах што ў Зімбабвэ, што ў Беларусі», – тлумачыць эксперт.
Пакуль жа афіцыйная супраца застаецца шырмаю для прыкрыцця іншых аперацыяў – непадкантрольных і ў невядомых аб’ёмах, упэўнены Яўген Красулін.
Алесь Наваборскі belsat.eu