Праўладныя медыі паведамляюць пра візіт Аляксандра Лукашэнкі на завод «Легмаш» у Воршы 29 траўня. Альянс расследавальнікаў Беларусі звярнуў увагу на тое, што гэтае цывільнае прадпрыемства цяпер вырабляе камплектуючыя для расейскай ваеннай тэхнікі.
Падчас візіту на «Легмаш» Лукашэнка запатрабаваў вырабляць прадукцыю, на якую ёсць попыт.
«У нас з вамі павінна быць кароткай, але шчырая размова. Сказаць, што я задаволены на сённяшні дзень вашай працай – абсалютна не. Таму і прыехаў. Я вас прашу (пакуль прашу): вы павінны рабіць тое, што я патрабую ад ураду (а яны прыйшлі да вас), і вырабляць вельмі патрэбны для свету тавар», – сказаў Лукашэнка ў звароце да супрацоўнікаў заводу.
Даклад пра дзейнасць прадпрыемства пры гэтым рабіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Дзмітрый Пантус.
«Прыглядзеўшыся да прадукцыі, якую дэманстравалі Аляксандру Лукашэнку, мы здолелі прачытаць таварны код наменклатуры і назвы. Гэта тармазныя кольцы вялікія, малыя і падціскныя для вырабу 9М22У. (9М22У.02.001 9М22У.02.003 9М22У.01.019). Пад гэтай абрэвіятурай хаваецца асноўны снарад для РСЗА «Град», – паведамляе Альянс расследавальнікаў.
«Град» актыўна ўжываецца расейскай арміяй у вайне ва Украіне.
«Такім чынам мы маем справу з цывільным прадпрыемствам «Завод «Легмаш», якое працуе на расейскую ваенную прамысловасць і вайну супраць Украіны», – рэзюмуюць расследавальнікі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu