У Барысаве больш за паўгода не могуць прыбраць больш за 500 мёртвых туяў. Іх пасадзілі каля двух гадоў таму і выдаткавалі на іх 25 тысяч рублёў, але расліны не прыняліся. Цяпер гараджане скардзяцца на «мёртвы плот» з туяў, паведамляе EX-PRESS.BY.
«Мёртвыя туі – жывы напамін пра тое, як умела ўлады распараджаюцца нашымі грашыма. Загінула не адно дрэўца, і не пяць, а літаральна ўсё, – скардзіцца выданню жыхарка Барысава. – Я не садоўнік-азеляніцель. Але нават я ведаю, што расліны трэба даглядаць. Нават загугліла і даведалася, што паходжанне саджанцаў туі адыгрывае вырашальную ролю пры перасадцы. Калі саджанцы з цяпліцы або з поўдня – яны асуджаныя…»
Барысаўчанка абураецца, што ўлады не могуць прыбраць «мёртвую агароджу». Дрэвы засохлі ўжо ў ліпені 2023 года. А праблемы з імі пачаліся неўзабаве пасля пасадкі ў траўні 2022 года.
«Зрэшты, грошы пілаваць на дарагіх саджанцах гэта адно, а даглядаць іх – гэта зусім іншае», – наракае жанчына.
Арсен Рудэнка belsat.eu