Сярэдні заробак у Беларусі – каля Br 2000, як піша Белстат? Шмат хто ведае, што не, на рукі будзе на 14 % менш. Але звыш таго працадаўца плаціць за працаўніка вялікую частку ўнёску ў пенсійны фонд, а работнік плаціць яшчэ шмат дробных падаткаў. «Белсат» палічыў падаткі з эканамісткай і спытаў яе, ці шмат выйшла.
Афіцыйныя звесткі пра заробкі беларусаў на момант публікацыі – за снежань 2023 года. Сярэдні налічаны заробак, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, склаў у снежні роўна Br 2271. У снежні заробак у статыстыцы Белстату заўсёды «падскоквае» – істотна вышэйшы за заробкі месяцам раней ці пазней (імаверна, за кошт гадавых бонусаў).
Таму будзем лічыць заробак за лістапад 2023 года – блізкі або ніжэйшы будзе і ў студзені. За лістапад сярэдні налічаны заробак называлі роўным Br 1975,6, медыянны ў лістападзе быў роўны Br 1499,50.
Гэта не тое, што працаўнік атрымае на рукі ў сярэднім (сярэдні налічаны заробак) або што атрымае сярэдні чалавек у спісе (медыянны заробак). Ад гэтага трэба адняць 13 % падаходнага падатку і 1 % на ўнёсак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).
Выходзіць, «чыстымі» на рукі сярэдні заробак – Br 1699,02, «чыстымі» на рукі медыянны – Br 1289,57.
Шмат які якраіны публікуюць статыстыку заробкаў «чыстымі» (netto) і «бруднымі» (brutto) з улікам усіх падаткаў і збораў. У Беларусі ж людзі звычайна не ведаюць, колькі насамрэч плацяць падаткаў. Колькі ідзе на падаткі дзяржаве, «Белсату» дапамагла палічыць старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.
Працадаўца абавязаны плаціць за працаўніка абавязковыя страхавыя ўнёскі на пенсійнае страхаванне і ўнёскі на прафесійнае пенсійнае страхаванне (гэта не адно і тое ж). Памеры ўнёскаў могуць быць розныя, яны распісаныя ў адпаведным законе, але часцей за ўсё гэта 28 % на абавязковыя страхавыя ўнёскі і 6 % на прафесійнае пенсійнае страхаванне, разам 34 %. І гэта лічаць не ад налічанага заробку (які ў сярэднім Br 1975,6), а ад усіх выплатаў у грашовым ці натуральным выражэнні.
Будзем лічыць звычайны просты выпадак з 34 % і не ўлічваць ільготаў, выняткаў і ўсялякіх «добраахвотна-прымусовых» утрыманняў з заробку, як то «на страхоўку», «на прафсаюз» ці «на суботнік». Выходзіць, што за працаўніка, які на рукі атрымлівае Br 1699,02 (сярэдні налічаны заробак мінус 14 %), працадаўца плаціць у ФСАН яшчэ Br 671,70 (34 % сярэдняга налічанага заробку).
Разам на падаткі і зборы ідзе ўжо Br 948,29, а сапраўдны заробак «бруднымі», з улікам часткі выплатаў з працадаўцы, складае Br 2647,3.
Працадаўца таксама плаціць свой варыянт падаходнага падатку – падатак на прыбытак, стандартная стаўка якога складае 20 % (пра гэтыя стаўкі артыкул 184 Падатковага кодэксу). Гэтага падатку не ўлічваем, бо ён не ўплывае наўпрост на заробак працаўніка, дый прыбытку ў арганізацыі можа не быць.
Акрамя таго, у Беларусі ёсць іншыя рэгулярныя падаткі: на жытло, на машыну і гэтак далей. Ёсць і разавыя нерэгулярныя зборы, як утылізацыйны збор пры набыцці імпартнай машыны або збор за атрыманне новага пашпарта. Сума гэтых падаткаў і збораў залежыць, адпаведна, ад таго, якія ў чалавека жытло, машына і ўсё астатняе, за што бяруць падатак. Але вядомае сярэдняе значэнне.
Нацыянальны статыстычны камітэт публікуе структуру выдаткаў хатніх гаспадарак (PDF, пункт 7.1). З яе вынікае, што каля 3,27 % выдаткаў хатніх гаспадарак у 2022 годзе ішло на падаткі, унёскі ды іншыя плацяжы без уліку падаткаў на заробак. Калі з сярэдняга заробку на рукі (Br 1699,016) ўзяць на іншыя падаткі 3,27 %, будзе Br 55,56.
Яшчэ 11,53 % выдаткаў ішло на ўклады і ашчаджэнні – у некаторых выпадках даходы з банкаўскіх укладаў абкладаюцца падаткамі, але гэтага лічыць не будзем.
Астатнія выдаткі хатніх гаспадарак ідуць на спажывецкія і неспажывецкія выдаткі, то бок тавары і паслугі, падсобную гаспадарку ды іншыя неспажывецкія даходы. Менавіта на спажывецкія выдаткі ідзе каля 73,62 %.
Любы чалавек, працуе ён ці не, калі нешта купляе, ускосна плаціць падатак на даданую вартасць, акцызы і ўвознае мыта. Пакупнік таго не заўважае, бо гэтыя зборы залучаныя ў цану, напісаную на цэнніку. Звычайная стаўка падатку на даданую вартасць – 20 %, але ў розных выпадках (апісаных у арт. 122 Падатковага кодэксу) стаўка можа быць і 0 %, і 10 %, і 25 %. Акцызы могуць дасягаць хоць трох чвэрцяў цаны тавару, сумы прапісаныя ў дадатку 1 да Падатковага кодэксу. Увознае мыта таксама можа быць даволі высокае: напрыклад, з нядаўна на шампунь ці зубную пасту са Злучаных Штатаў ці Злучанага Каралеўства мыта – 35 %.
Калі будзем груба лічыць, што ўсе падвышаныя і паніжаныя стаўкі падатку на даданую вартасць, усе мыты і акцызы ў сярэднім складуць 20 %, выходзіць, чалавек з сярэднім заробкам, які пасля вынятку падаткаў роўны Br 1699,02, плаціць за тавары і паслугі, на якія прыпадае 73,62 % выдаткаў, каля Br 250,16 падатку на даданую вартасць, акцызы і мыта.
Выходзіць, што з заробку «чыстымі» на рукі з Br 1699,02 на падаткі пойдзе яшчэ Br 305,72.
Разам з тым падаходным падаткам і ўнёскам у Фонд сацыяльнай абароны, што заплаціў сам працаўнік, і тым, што за яго заплаціў Фонду сацыяльнай абароны працадаўца, выходзіць ужо Br 1254 беспасярэдніх і ўскосных падаткаў – гэта больш як 43 % поўнага заробку «бруднымі».
Беларусь не надта моцна адрозніваецца ад суседніх краінаў у структуры падаткаабкладання, разважае Настасся Лузгіна. У іншых краінах таксама ёсць сацыяльныя плацяжы, падатак на даданую вартасць і акцызы.
«Трэба разумець, што аддаюць людзі і што за гэта атрымліваюць», – адказвае эканамістка на пытанне пра памер падаткаў у Беларусі.
Экспертка тлумачыць: у краінах Скандынавіі могуць быць высокія падаткі, але дзяржава з іх шмат выдаткоўвае на грамадзянаў. Дзесьці падаткі ніжэйшыя, але ніжэйшыя і выдаткі дзяржавы – напрыклад, якая-небудзь дзяржава не дае «бясплатнай» медыцыны, але і не збірае на тую бясплатную медыцыну падаткаў.
У Беларусі ёсць праблема з празрыстасцю размеркавання падаткаў, падкрэслівае Лузгіна: дзяржава не дае дэталёвых справаздачаў, на што ідуць падаткі жыхароў, і не надта раіцца з жыхарамі, на што скіраваць грошы з падаткаў. У той жа Польшчы эмігранты з Беларусі могуць пабачыць, як палякі абмяркоўваюць мясцовыя бюджэты.
А калі жыхару Беларусі не падабаецца, што актыўна растуць выдаткі на сілавікоў ці лядовыя палацы, а не на школы ці паліклінікі, змяніць гэта амаль немагчыма.
Пытанні ёсць і да эфектыўнасці таго, як дзяржава выкарыстоўвае грошы з падаткаў і збораў. Лузгіна прыводзіць у прыклад пенсійную сістэму: нават пасля павышэння пенсійнага веку ў Фондзе сацыяльнай абароны стала бракуе грошай на пенсіі (без уліванняў з рэспубліканскага бюджэту ў фонду быў бы дэфіцыт), дык няясна, што будзе з пенсіямі ў будучыні.
А ўнёскі на пенсіі ідуць ад кожнага «ў агульны кацёл», а не размяркоўваюцца між канкрэтнымі фізічнымі асобамі, як гэта робяць у большасці еўрапейскіх краінаў.
«У выніку гэта нараджае ў звычайных грамадзянаў недавер, нежаданне ў такім аб’ёме плаціць падаткі, – рэзюмуе Лузгіна. – Яны не бачаць прамога выніку, не бачаць узаемасувязі: я плачу вялікія падаткі, значыць, я больш атрымліваю, бо атрымліваю добрыя дарогі, добрыя лякарні і гэтак далей».
Асобнае пытанне – хто ў Беларусі якія ільготы мае, дадае суразмоўца. Калі хтосьці мае права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце, дык за гэтага чалавека плаціць дзяржава, а значыць, ускосна, усе платнікі падаткаў. А каму варта даваць бясплатны праезд, грамадзянаў не пытаюць. І нават калі грамадзяне згодныя, напрыклад, што асобам з інваліднасцю варта даць бясплатны праезд, атрымаць афіцыйны статус інваліда пэўнай групы чалавеку з інваліднасцю – а значыць, і бясплатны праезд – бывае складана.
Алесь Наваборскі belsat.eu