У Беларусі падвысяць заробкі ўсім катэгорыям педагагічных працаўнікоў з 1 студзеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Настаўнікі ўстановаў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі атрымаюць павышэнне заробку на 22 % ад акладу. У педагогаў-кіраўнікоў, настаўнікаў дзіцячых школаў мастацтваў, настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў групаў падоўжанага дня і іншых катэгорыяў педагагічных працаўнікоў павышэнне складзе 15 % ад акладу. У кіраўнікоў і спецыялістаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу заробак павялічыцца на 5 % ад акладу.
Таксама будуць даплаты за складаную працу. Для выхавальнікаў, якія займаюцца з дзецьмі з разладамі аўтычнага спектру – 30 % ад базавай стаўкі. Памочнікі выхавальнікаў пры працы з вучнямі з парушэннямі функцыяў апорна-рухальнага апарату з выяўленымі парушэннямі перамяшчэння, з невідушчымі навучэнцамі, а таксама з вучнямі з парушэннямі мовы, цяжкасцямі ў навучанні, з парушэннямі паводзінаў атрымаюць надбаўку 20 % ад базавай стаўкі.
З 1 студзеня 2024 года базавая стаўка складзе 250 рублёў.
Арсен Рудэнка belsat.eu