У Беларусь прыедзе міністр замежных справаў і вонкавага гандлю Вугоршчыны Петэр Сіярта. Ён пачне свой працоўны візіт 29 траўня, паведамляе МЗС Беларусі.
Плануецца, што Петэр Сіярта правядзе пасяджэнне міжурадавай камісіі ў пытаннях эканамічнай супрацы з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Алейнікам.
«Мяркуецца абмеркаваць шэраг прыкладных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных пытанняў. У фокусе працы будуць тэмы ўзаемадзеяння ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, аховы здароўя, фармацэўтыкі, будаўніцтва, спорту, турызму, адукацыі і навукі», – піша прэс-служба МЗС Беларусі.
Таксама пройдуць перамовы міністраў замежных спраў у вузкім і пашыраным складах. Яшчэ ў межах візіту запланавалі бізнес-форум, які Алейнік і Сіярта адкрыюць разам.
Гэта ўжо трэцяя працоўная паездка Сіярты ў Беларусь за даволі непрацяглы час. Апошні раз ён прыязджаў у лютым, а да гэтага – у кастрычніку 2023 года. Іншыя кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ не ездзяць у Беларусь з 2020-га.
У кастрычніку 2023 года падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Сіярта тлумачыў, што прыехаў, бо «верыць у дыялог». І дадаў, што хоча, каб «у суседстве быў мір» (Вугоршчына мяжуе з Украінай), а «перакрыццё каналаў стасункаў ёсць адмовай ад надзеі на мір».
Арсен Рудэнка belsat.eu