Прэзідэнт ЗША Джоў Байдэн і спікер Палаты прадстаўнікоў Кевін МакКарці выступілі з заявай, што дасягнулі дамоўленасці аб павышэнні столі дзяржаўнага доўгу. Калі пагадненне ўступіць у сілу і парламентарыі аформяць яго заканадаўча, ЗША ўжо не будзе пагражаць дэфолт, які можа прывесці да сур’ёзнага Сусветнага эканамічнага крызісу. «Белсат» разабраўся, ці можа сапраўды адбыцца дэфолт у найбуйнейшай эканоміцы свету, а калі так, то чым гэта пагражае нам.
Пра дэталі пагаднення бакі абвесцяць пазней. Але ўжо цяпер зразумела, што новага сусветнага эканамічнага крызісу, хутчэй за ўсё, не будзе. Дык навошта Вашынгтон столькі часу трымаў увесь свет у напрузе? Усё проста – гэта пачатак перадвыбарнай кампаніі.
Для пачатку варта зразумець, што і рэспубліканцы і дэмакраты ўжо думаюць пра прэзідэнцкія выбары ў лістападзе 2024 года. Гэта значыць, што ў краіне ўжо пачалася перадвыбарная гонка: Джоў Байдэн заявіў, што будзе балатавацца, як і яго апаненты-рэспубліканцы – Дональд Трамп і Рон Дэсанціс.
«Думка, што выбары не за гарамі, жыве ў галовах і рэспубліканцаў, і дэмакратаў. Сітуацыю з гіпатэтычным дэфолтам яны хочуць разыграць як нейкую перадвыбарную манету. І, адпаведна, ім трэба паказаць, што гэта сур’ёзная праблема. Кожны з бакоў бачыць сваё вырашэнне задачы, і рашэнні гэтыя, натуральна, адрозніваюцца адзін ад аднаго», – кажа кандыдат эканамічных навук, эксперт Рады па знешняй палітыцы «Украінская прызма» Іван Вус.
Дэмакраты кажуць, што трэба падняць падаткі, а рэспубліканцы – што трэба скараціць выдаткі. Гэта істотны момант, які звязаны з платформамі абедзвюх партый.
Рэспубліканская партыя традыцыйна заўсёды больш абараняла вялікі бізнес, якому падвышэнне падаткаў нявыгаднае. І калі хтосьці кажа, што трэба падняць падаткі – для рэспубліканцаў гэта непрымальна. Замест падвышэння падаткаў яны патрабуюць скараціць выдаткі амаль на $5 трлн.
Скарачэнне выдаткаў больш бʼе па сацыяльным складніку дзяржавы. Дэмакраты ў ЗША ўспрымаюцца як сацыялістычная партыя, у прыватнасці асобна ўзятыя яе прадстаўнікі – Бэрні Сандэрс і Элізабэт Ўорэн. Яны ды іх хаўруснікі выступаюць за павелічэнне выдаткаў на сацыяльныя сферы.
Пакуль што гэта невядома. Спікер Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Кевін МакКарці заявіў, што дасягнутае з Белым домам пагадненне мае на ўвазе «гістарычнае скарачэнне выдаткаў» ды нейкія рэформы. Адміністрацыя Байдэна таксама абмежавалася агульнымі словамі: «Пагадненне кампраміснае, а значыць, не ўсе атрымаюць тое, што жадалі. Але ў гэтым і заключаецца адказнае кіраўніцтва краінай».
Бакі абяцалі апублікаваць дэталі пагаднення ў найбліжэйшыя дні, тады мы і даведаемся, на што менавіта ўлады ЗША скароцяць выдаткі бюджэту.
Хутчэй за ўсё, у выніку абвесцяць аб дамоўленасці па павелічэнні столі дзяржаўнага доўгу на $31,4 трлн цягам двух гадоў. Гэты сцэнар найбольш верагодны на думку большасці эканамістаў.
Эканамісты падкрэсліваюць, што найлепшы бізнэс, якім могуць займацца ЗША — друкаваць долары. Злучаным Штатам усе вераць, ніхто не задаецца пытаннем, наколькі верагодныя праблемы ў іх эканоміцы. Адпаведна, ЗША і друкуюць долары. Гэты працэс становіцца бескантрольным. «Друкаванне прыводзіць да росту доўгу, а каб гэты доўг пакрыць, трэба надрукаваць яшчэ. Замкнёнае кола», – кажа Вус.
Яшчэ ў 2011 годзе Ўорэн Бафэт – адзін з найбагацейшых людзей свету – казаў, што трэба перастаць выкарыстоўваць тэрмін «столь дзярждоўгу», паколькі гэта чырвоная лінія, якую ЗША самыя сабе накрэслілі і самыя адсоўваюць, што выглядае смешна.
Як толькі краіна абвяшчае дэфолт, адразу ж тры асноўныя рэйтынгавыя агенцтвы – «Standard & Poors», «Moody’s» і «Fitch Rating» – павінны панізіць рэйтынг. Паніжэнне рэйтынгу аўтаматычна прыводзіць да росту працэнтных ставак па даўгах краіны, якая абвясціла дэфолт дадаткова да бягучага ўзроўню.
Уявіце, што вы банк. У вас маецца 10 рублёў капіталу, вы прыцягнулі дэпазіты на 90 рублёў. Зараз у вас актывы ў 100 рублёў. Гэтыя 100 рублёў вы можаце выдаткаваць у крэдыт, каб зарабіць на працэнтах, альбо ўкласці ў аблігацыі. Амерыканскія аблігацыі найбольш запатрабаваныя, бо гэта наймацнейшая эканоміка свету і ніхто не чакае крызісу. І вы ўкладваеце 10 рублёў у аблігацыі.
Адбываецца дэфолт, рэйтынг паваліўся, упалі кошты на аблігацыі. Гэта значыць, што вашы аблігацыі цяпер каштуюць не 10 рублёў, а 5. Гэтыя 5 рублёў адымаюць з капіталу, які таксама скараціўся ўдвая. А нарматыў дастатковасці капіталу, усталяваны Цэнтрабанкам – 10 рублёў. Адпаведна, вы зачыняецеся, таму што не адпавядаеце патрабаванням ЦБ. Ды так ланцужком могуць збанкрутаваць банкі ва ўсім свеце, у якіх вялікая доля амерыканскіх аблігацый у капітале.
Дапусцім, што ў банку 20% актываў у аблігацыях ЗША, і нават пасля іх абясцэньвання ён працягвае адпавядаць патрабаванням ЦБ. Але ён абавязаны рэгулярна публікаваць справаздачнасць. Інвестары бачаць, што ў яго шмат аблігацый – а гэта ўжо рызыкоўны актыў. Яны адразу ж прадаюць акцыі гэтага банка, спрабуюць забраць грошы з укладаў.
«Цяпер грошы з рахункаў можна зняць онлайн. Калі раней банк клаўся на працягу тыдня, то цяпер памрэ за суткі. І далей па ланцужку. Тыя, хто не паспеў зняць грошы, іх губляюць (атрымліваюць толькі страхоўку)», – тлумачыць эканаміст Уладзімір Шаўчэнка.
Банкі адклікаюць крэдытныя лініі. Яны патрабуюць у пазычальнікаў – буйных кампаній – тэрмінова вярнуць грошы. А фірма гэтыя грошы ўжо ўклала ў нешта і вярнуць іх не можа. Потым банк падае ў суд пазоў аб банкруцтве кампаніі, каб пасля распродажу яе актываў вярнуць частку сродкаў ды кампенсаваць дзірку ў капітале. »Працэс гэты доўгі, у выніку паміраюць абодва», – кажа Шаўчэнка.
Кампаніі, якія павінны неяк расплочвацца з крэдыторамі, звальняюць персанал, таму што трэба тэрмінова эканоміць грошы. Расце беспрацоўе. Пачынаецца глабальны эканамічны крызіс. Вы застаяцеся без працы, а знайсці новую вы не можаце. Жывяце нейкі час на ашчаджанні, калі яны ёсць. Але потым і яны сканчаюцца.
«Гэта называецца: “Памры ты сёння, я заўтра”. А што рабіць тым, хто застаўся без працы і ашчаджэнняў? Адказу няма. Адпаведна, падаюць кошты на тавары – іх ніхто не набывае. Дэфляцыйны калапс. Калі падаюць цэны, узнікаюць праблемы ў вытворцаў. І зноў па ланцужку – прадпрыемствы зачыняюцца, яшчэ больш людзей звальняюць і гэтак далей», – удакладняе Уладзімір Шаўчэнка.
Эксперты не гатовыя адказваць на пытанне, у якой валюце варта захоўваць ашчаджэнні. Патэнцыяльнымі альтэрнатывамі долара могуць быць эўра, юань, ена, фунт стэрлінгаў, швейцарскі франк ды іншыя «моцныя» валюты (краін з устойлівай эканомікай). Але гэта не значыць, што трэба тэрмінова пазбаўляцца ад долараў.
Што тычыцца золата, то пасля ямайскай канферэнцыі 1976 года яно перастала быць вельмі запатрабаваным актывам. Справа ў тым, што тады вырашылі адмовіцца ад «залатога стандарту», пасля чаго валюта ды золата перасталі быць звязаныя. Так, золата часам расце на рынках. Але ёсць пытанне – наколькі золата ліквідны актыў? Калі ў вас шмат золата, гэта не азначае, што заўтра вы ператворыце яго ў грошы. Нават калі пачняце гэта рабіць, кошт золата рэзка ўпадзе – законы біржы: калі за адзін раз з’яўляецца вялікая колькасць нейкага тавару, па сутнасці сыравіннага, якім зʼяўляецца золата, то адразу абвальваецца яго кошт.
У выпадку дэфолту ў ЗША ў Расеі праблемы пачнуцца праз кошты сыравіны, якая ўпадзе ў разы. Прыбыткі бюджэту скарачаюцца. Значыць, будуць пераглядацца і артыкулы выдаткаў.
«Расея вядзе вайну, гэта значыць выдаткі на абаронны комплекс яна скараціць не можа – трэба і надалей набываць ракеты, каб працягваць абстрэльваць жылыя дамы і інфраструктуру Украіны. Тады скароцяць усе іншыя выдаткі, умоўна на 40%: медыцыну, адукацыю ды іншае. І гэта катастрофа», – адзначыў у размове з «Белсатам» расейскі эканаміст на ўмовах ананімнасці.
Палата прадстаўнікоў прагаласуе за пагадненне 31 мая – у апошні дзень перад тым, як ва ўрада скончацца грошы. Калі гэтага не адбудзецца, 1 чэрвеня ЗША не змогуць расплочвацца па абавязацельствах і Міністэрства фінансаў будзе вымушана абвясціць дэфолт.
«Дэфолт у ЗША параўнальны з падзеннем метэарыта на планету Зямля. Наступствы разбуральныя. Вось толькі мала хто верыць, што такі метэарыт упадзе на зямлю. Так і верагоднасць дэфолту ў ЗША невялікая», – лічыць Іван Вус.
Падобныя дыскусіі ўзнікалі цягам апошніх 12 гадоў, але ў меншай ступені (у 2011 годзе ЗША знаходзіліся на мяжы дэфолту, але пазбеглі яго, падвысіўшы столь дзярждоўгу). Такія размовы моцныя перад выбарамі. Калі іх няма, а таксама большасць у Кангрэсе і прэзідэнт – прадстаўнікі адной і той жа партыі, то і дыскусіі асабліва няма: яны на адным баку.
«Але калі гэта розныя сілы, а тым больш калі выбары на носе, тут, вядома, ідуць дыскусіі, проста таму, што кожная з абедзвюх партый у ЗША жадае выкарыстоўваць гэтую тэму для перадвыбарнай гонкі. Фактар выбараў адыгрывае ключавую ролю ў тым, чаму мы цяпер так шмат размаўляем пра гэтую верагоднасць», – тлумачыць Іван Вус.
Эканамісты адзначаюць, што нават у выпадку дэфолту ў ЗША яго месца ў сусветнай эканамічнай сістэме сёння заняць няма каму: ні ў адной краіны свету няма рэсурсаў, каб гэта зрабіць.
Важна памятаць, што ў доларах ЗША ажыццяўляецца, па розных падліках, каля 60% сусветнага гандлю. Большая частка рэзерваў практычна ўсіх краін у гэтым свеце таксама захоўваецца ў амерыканскай валюце. Калі мы гаворым пра дэфолт у ЗША, то гэта азначае, што зберажэнні ўсіх гэтых краін ператвараюцца ў пыл. Атрымліваецца, што дэфолт у ЗША не выгодны нікому.
Алена Пятрова / Авер belsat.eu