Беларускі МЗС пракаментавала планы размяшчэння на тэрыторыі краіны расейскай ядравай зброі: гэта не навіна, падобнае існуе ў стасунках ядравых і неядравых дзяржаў NATO; на змену канфрантацыі павінен прыйсці канструктыўны дыялог. Адпаведнае паведамленне размешчана на афіцыйным сайце ведамства.
28 сакавіка МЗС РБ пракаментавала перспектыву размяшчэння на тэрыторыі краіны расейскай такчычнай ядравай зброі, назваўшы падобную супрацу ядравых і няядравых дзяржаў «не навіной».
«Гэта не зʼяўляецца навіной у сферы ваеннага супрацоўніцтва неядравай і ядравай дзяржаў. У NATO даўно існуе практыка «сумесных ядравых місіяў», самалёты краін-членаў Альянсу сертыфікаваны для палётаў з ядравай зброяй, ідзе падрыхтоўка лётнага складу для такіх місій, праводзяцца адпаведныя вучэнні. На тэрыторыі еўрапейскіх краін-членаў NATO захоўваюцца звыш 150 адзінак тактычнай ядравай зброі ЗША, падрыхтавана больш за 250 самалётаў для іх магчымага прымянення», – гаворыцца ў паведамленні.
Апроч таго, беларускі бок заклікаў «усіх партнёраў» да дыялогу, адзначыўшы што «на змену канфрантацыйнай рыторыцы і спіралі гонкі ўзбраенняў павінен прыйсці канструктыўны і ўзаемапаважлівы дыялог, накіраваны на ўмацаванне архітэктуры глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, шматбаковых механізмаў раззбраення, нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі, у тым ліку ў ядравых».
МЗС таксама адзначае, што Беларусь падвяргаецца «беспрэцэдэнтнаму палітычнаму, эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх саюзнікаў па NATO, а таксама дзяржаў-членаў Еўрапейскага звязу», і звяртае ўвагу на нарошчванне на тэрыторыі суседніх краін-членаў NATO ваеннага патэнцыялу ў непасрэднай блізкасці ля беларускіх межаў. Таму «Беларусь прадпрымае вымушаныя дзеянні ў адказ па ўмацаванню ўласнай бяспекі і абараназдольнасці. Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам».
МЗС мяркуе, што навучанне беларускіх пілотаў кіраванню самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, размяшчэнне ядравых боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Менску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогіяў, «ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі».
Як паведамляў «Белсат», Уладзімір Пуцін 25 сакавіка зрабіў заяву, што Расея збіраецца размясціць сваю тактычную ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі і што гэтым не парушыць рэжым яе нераспаўсюджання.
Антон Тачняк belsat.eu