Ствараецца механізм, выкарыстоўваючы які дзяржавы – удзельніцы ЕЗ змогуць блакаваць пастаўкі расейскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) без увядзення новых санкцыяў. Аб гэтым паведамляе агенцыя «Bloomberg».
28 сакавіка стала вядома, што Еўразвяз стварае механізм блакавання імпарту расейскага ЗПГ без неабходнасці ўводзіць новыя санкцыі. Аб гэтым гаворыцца ў дакументах, якія маюцца ў распараджэнні «Bloomberg’у».
Паведамляецца, што прапанову гатовыя ўхваліць міністры энергетыкі краінаў ЕЗ. Яе сутнасць у тым, што ўрады атрымаюць права часова забараняць расейскім экспарцёрам загадзя рэзерваваць інфраструктурныя магутнасці, неабходныя для паставак ЗПГ. Пры гэтым, каб прывесці такі механізм у дзеянне, некаторым дзяржавам спатрэбяцца кансультацыі з іншымі чальцамі супольнасці і Еўракамісіяй, але дадатковыя санкцыі не будуць патрэбныя. Выкарыстанне такога механізму, як чакаюць, паспрыяе далейшаму зніжэнню залежнасці Еўразвязу ад энерганосьбітаў з РФ.
Пасля пачатку Расеяй вайны ва Украіне краіны ЕЗ увялі ўжо 10 пакетаў санкцыяў. Пакуль што новых санкцыяў не абмяркоўваюць.
Антон Тачняк belsat.eu